2016-04-07 12:17:00

“Vatileaks 2”: Франчэска Шаўкі дала паказанні


У Ватыкане працягваецца судовы працэс адносна распаўсюджвання канфідэнцыйных дакументаў, названы ўжо “Vatileaks 2”. На сёмым пасяджэнні, якое адбылося 6 красавіка 2016 г., была заслухана адна з абвінавачаных, Франчэска Шаўкі, былая супрацоўніца Камісіі па вывучэнні рэформы эканамічна-адміністрацыйнай структуры Святога Пасаду.

Шаўкі, разам з іншымі ватыканскімі служачымі: Нікола Маё і кс. Лусіа Вальеха Бальда, абвінавачваюцца ў стварэнні злачыннай арганізацыі, накіраванай на распаўсюджванне інфармацыі і дакументаў, якія тычацца істотных інтарэсаў Святога Пасаду. Акрамя таго, сярод падсудных два італьянскіх журналісты: Джанлуіджы Нуццы і Эміліяна Фiціпальдзі. Яны абвінавачваюцца ў здзяйсненні ціску з мэтай атрымання сакрэтных дакументаў.

“Я ніколі не перадавала канфідэнцыйных дакументаў журналістам Нуццы і Фіціпальдзі” ці каму-небудзь іншаму, сказала яна і нагадала, што яе задачай у рамках Камісіі быў план пераўтварэння “карпаратыўнай камунікацыі” ў цэлым, ствараючы новую і арганічную структуру. Жанчына адхіліла ўсе абвінавачванні ў сувязі з меркаваным існаваннем нейкай “ценявой камісіі”. Яна адзначыла, што члены “Cosea”, так скарочана называлася структура, падпарадкоўваліся непасрэдна Папе і мелі магчымасць атрымаць доступ да дакументаў кожнай установы.

Шаўкі паведаміла аб “сур’ёзнай справе”, якую ў лютым 2014 г. прасіў удакладніць сам Папа. Яна не раскрыла ніякіх падрабязнасцяў і дэталяў, каб не парушаць папскую таямніцу.

“Я ніколі не пагражала кс. Вальеха”, - паведаміла жанчына. Яна сцвердзіла таксама, што яе калега Нікола Маё “ніколі не выкрадаў дакументаў”, і што гэта было здзейснена кс. Вальеха Бальда, якія меў свабодны доступ да ўсіх файлаў.

Працэс працягнецца ў наступны панядзелак, 11 красавіка 2016 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.