2016-04-07 11:31:00

Эмацыйная сустрэча Папы з хворай дзяўчынкай


Радасныя і ўзнёслыя эмоцыі абудзіла сярод вернікаў, прысутных на плошчы св. Пятра ў Ватыкане, кароткая, але вельмі сардэчная сустрэча папы Францішка з 5-гадовай амерыканскай дзяўчынкай Лізі Маерс, падчас агульнай аўдыенцыі 6 красавіка 2016 г. Дзяўчынка пакутуе ад цяжкай генетычнай хваробы. Урачы прагназуюць, што яе выніку праз некаторы час яна згубіць зрок і слых. 

Падарожжа ў Рым і сустрэча са Святым Айцом было яе гарачым жаданнем, якое атрымалася рэалізаваць, дзякуючы дапамозе шматлікіх арганізацый. Хворую суправаджалі бацькі і сястра.

Папа Францішак, праязджаючы па ватыканскай плошчы і вітаючы прысутных на ёй вернікаў, спыніўся каля сям’і Маерс і цёпла прытуліў дзяўчынку, паклаў на яе вочы далонь і памаліўся. Пантыфік паабяцаў, што будзе і далей маліцца за яе і яе блізкіх. Дзяўчынка, у сваю чаргу, падарыла яму кавалак метэарыту, які ў лютым 2016 г. упаў на яе родны штат Агаё.

“Я адчула вялікі спакой і радасць”, - прызналася яна ў каментары для Ватыканскага радыё. Лізі Маерс падкрэсліла, што яе сустрэча з Пантыфікам нагадала свету пра мноства іншых дзяцей, пакутуючых ад розных рэдкіх генетычных хвароб.

Жаданне хворай амерыканскай дзяўчынкі, аб якім стала шырока вядома дзякуючы інтэрнэту, абудзіла цэлы ланцуг салідарнасці ў многіх краінах свету. Адна з турэцкіх авіякампаній прапанавала яе сям’і бясплатныя білеты для паездкі, рымскі гатэль забяспечыў пражыванне, а валанцёры італьянскай дабрачыннай асацыяцыі “UNITALSI”, якая займаецца арганізацыя пілігрымак для інвалідаў, суправаджалі сям’ю Маерс на працягу ўсяго іх падарожжа з ЗША у Італію.








All the contents on this site are copyrighted ©.