2016-04-06 11:44:00

Францішак: Езус – уцелаўлёная міласэрнасць


Езус – гэта ўцелаўлёная Божая міласэрнасць, адзначыў папа Францішак 6 красавіка 2016 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Пасля цыклу катэхез пра Божую міласэрнасць у Старым Запавеце, які Пантыфік завяршыў на мінулым тыдні, ён прапанаваў пачаць размаўляць пра тое, як Езус вёў міласэрнасць да яе поўнай рэалізацыі. 

“Сустракаючы натоўпы людзей, абвяшчаючы Евангелле, аздараўляючы хворых, становячыся блізкім для самых апошніх, прабачаючы грэшнікаў, Езус дэманстраваў любоў, адкрытую на ўсіх, не выключаючы нікога. Любоў без межаў, любоў чыстую, бескарыслівую і абсалютную, любоў, якая дасягнула сваёй вяршыні ў крыжовай ахвяры. Евангелле, гэта па-сапраўднаму “Евангелле Міласэрнасці”, таму што Езус – гэта Міласэрнасць!”, - сказаў Папа.

Усе чатыры Евангеллі сведчаць, што перш чым пачаць служэнне, Езус пажадаў прыняць хрост ад Яна Хрысціцеля. Гэта падзея адлюстроўвае галоўны напрамак місіі Хрыста: Ён не прадстаў перад светам у ззяні, аб Яго надыходзе не абвяшчалі фанфары, Ён не быў апрануты ў вопратку суддзі. Хрыстус, пасля трыццаці гадоў схаванага жыцця ў Назарэце, прыйшоў да Ярдану, разам з мноствам іншых людзей і без сораму стаў у чаргу з грэшнікамі, каб атрымаць хрост.

“Такім чынам, з самага пачатку свайго служэння Ён прадстаўляў сябе, як Месію, Які прыняў чалавечы стан, Які кіруецца салідарнасцю і спачуваннем, як Ён сам сцвярджаў ў назарэцкай сінагозе, атаясамліваючы сябе з прароцтвам Ісаі: “Дух Пана на Мне, бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім, паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным і сляпым вяртаць зрок, каб выпусціць спакутаваных на свабоду, каб абвясціць год ласкі Пана”, - нагадаў Папа.
  
Пакінуўшы бераг Ярдану, Езус заняўся спаўненнем гэтых прароцкіх словаў, несучы людзям любоў, якая дае збаўленне.

“Усё, што Езус здзейсніў пасля хросту было рэалізацыяй першапачатковай задумы: несці ўсім любоў Божую, якая збаўляе. Езус не прынёс нянавісць, не прынёс варожасць: Ён прынёс нам любоў, вялікую любоў, сэрца, адкрытае на ўсіх нас. Ён прынёс любоў, якая збаўляе! Ён стаў блізкім для самых апошніх, перадаючы ім Божую міласэрнасць, якая з’яўляецца прабачэннем, радасцю і новым жыццём”, - сцвердзіў Пантыфік. 

Прысутныя на беразе Ярдану, і нават сам Ян Хрысціцель, здзіўляліся жэсту Езуса, але Айцец Нябесны – не. Праз голас звысок і спасланне Святога Духа Ён пацвердзіў шлях, які выбраў Яго Сын, як Месія. Такім чынам, сэрца Езуса білася ва ўнісон з сэрцам Айца і Духа, паказваючы ўсім людзям, што збаўленне – гэта плён міласэрнасці Бога.

“Мы можам сузіраць яшчэ ясней вялікую таямніцу гэтай любові, скіроўваючы позір на Езуса ўкрыжаванага. У той час, калі Ён нявінны паміраў за нас, грэшнікаў, усклікаў да Айца: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць”. Гэта на крыжы Езус прадставіў міласэрнасці Айца грэх свету: грэх усіх – мае грахі, твае грахі, вашы грахі! Гэта на крыжы Ён іх прадставіў і з яго дапамогай усе нашы грахі былі змыты. Нішто і ніхто не можа застацца выключаным з гэтай ахвярнай малітвы Езуса. Гэта значыць, што мы не павінны баяцца прызнаваць і вызнаваць сябе грэшнікамі”, - сказаў Папа. 

На заканчэнне катэхезы Францішак заклікаў вернікаў не баяцца сакрамэнту споведзі і ўласных слабасцяў, якія змываюцца сілай любові Укрыжаванага, якая не ведае перашкодаў і не аслабее ніколі.








All the contents on this site are copyrighted ©.