2016-04-05 16:06:00

Францішак узнагародзіў былога арганізатара папскіх візітаў


4 красавіка 2016 г. Пантыфік прыняў у Доме св. Марты арганізатара папскіх падарожжаў на пенсіі Альберта Газбары, разам з членамі яго сям’і і былымі бліжэйшымі супрацоўнікамі. Ва ўрачыстай абстаноўцы Святы Айцец ўручыў яму Ордэн Пія ІХ – папскую рыцарскую ўзнагароду, якая ўручаецца за заслугі перад Касцёлам і грамадствам.

У цырымоніі прынялі ўдзел: кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін і некаторыя іншыя курыяльныя іерархі, былы кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Хаакін Навара-Вальс, прэфект Папскага дома і асабісты сакратар Бэнэдыкта XVI арцыбіскуп Георг Генсвайн.

Альберта Газбары быў арганізатарам папскіх падарожжаў у перыяд з 1982 па 2016 гг. За гэты час ён падрыхтаваў 150 візітаў трох апошніх Папаў. Акрамя таго, на працягу доўгіх гадоў ён з’яўляўся адміністрацыйным дырэктарам Ватыканскага радыё. 1 сакавіка 2016 г. Газбары выйшаў на пенсію па дасягненні 70-гадовага ўзросту.








All the contents on this site are copyrighted ©.