2016-04-05 13:10:00

Папа: жыць у гармоніі, а не фальшывым спакоі


Нельга блытаць гармонію, якая пануе ў хрысціянскай супольнасці і з’яўляецца плёнам Святога Духа, з уяўным “спакоем”, за якім часта хаваюцца суперніцтва і ўнутраныя падзелы, звярнуў увагу папа Францішак 5 красавіка 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане.

Па словах Пантыфіка, лад жыцця першай хрысціянскай супольнасці, дзе не было бедных, бо матэрыяльныя сродкі размяркоўваліся адпаведна патрэбе, а вернікі “былі адзіныя сэрцам і душою”, можна ахарактарызаваць адным словам – “гармонія”.

Святы Айцец удакладніў, што гаворка не ідзе пра простую “згоду”, але пра нябесны дар для тых, хто быў адроджаны Святым Духам. “Мы можам заключыць згоду, пэўны мір, але гармонія – гэта ўнутраная ласка, якую можа даць толькі Святы Дух”, - сказаў ён.

Папа нагадаў, што гармонія першых хрысціянскіх супольнасцяў мела дзве рысы: у іх ніхто не быў у патрэбе і ўсё было супольным. “Яны мелі адзінае сэрца і душу, і ніхто не лічыў сваёй маёмасцю тое, чым валодаў”. Ніхто з іх не быў патрабуючым. “Сапраўдная гармонія Святога Духа вельмі звязана з грашыма: грошы – гэта вораг гармоніі”, таму першыя хрысціяне дзяліліся сваім, каб не было патрабуючых, сказаў ён.

Пантыфік працытаваў словы аднаго біскупа пра тое, што ў дыяцэзіі можа быць спакойная атмасфера, але дастаткова закрануць якую-небудзь праблему, выбухне вайна. Такая “гармонія” дасягнутая ў выніку пагаднення; яна не з’яўляецца плёнам Святога Духа, перакананы Папа.

Пантыфік заклікаў вернікаў перачытаць Кнігу Дзеяў Апосталаў аб першых хрысціянах і іх супольным жыцці. Гэта будзе карысна, каб зразумець, як даваць сведчанне ў тых асяроддзях, дзе мы жывём. Францішак перакананы: калі ў Касцёле будзе гармонія, то будзе і адвага, неабходная для сведчання аб Увакрослым Хрысце.   








All the contents on this site are copyrighted ©.