2016-04-04 14:08:00

Пачне дзейнічаць даменная зона “.catholic”


Па ініцыятыве Дзяржаўнага сакратарыяту Яго Святасці Папы, Сакратарыятам па камунікацыі Апостальскай Сталіцы было створана бюро, названае “DotCatholic” з мэтай кіравання інтэрнэт-даменам верхняга ўзроўню “.catholic”, прызначанага для распаўсюджвання навучання, паслання і каштоўнасцяў Каталіцкага Касцёла ў кібер-прасторы, якая ўсё больш пашыраецца. Кіраваць працай новай групы, якая складаецца з сямі чалавек, будзе італьянскі інжынер Маўра Міліта, да гэтага часу кіраўнік аддзелу інфарматыкі Ватыканскага радыё, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні, распаўсюджаным 4 красавіка 2016 г.

У даменнай зоне “.catholic” будуць прадстаўлены дыяцэзіі, парафіі і іншыя афіцыйныя каталіцкія структуры. Гэта робіцца для таго, каб карыстальнік, які набірае адрас такога сайта, быў упэўнены, што мае справу не з нейкімі нефармальнымі арганізацыямі ці супольнасцямі, якія выдаюць сябе за католікаў, а менавіта з Каталіцкім Касцёлам. 

Некалькі гадоў таму Міжнародная карпарацыя па размеркаванні адраснай прасторы інтэрнэту (ICANN) ухваліла заяўку Святога Пасаду на дамен верхняга ўзроўню на кірыліцы “.католик”, а таксама на аналагічныя дамены ў арабскім і кітайскім напісанні.








All the contents on this site are copyrighted ©.