2016-04-02 19:30:00

Францішак: стаць канкрэтнымі сведкамі міласэрнасці


2 красавіка 2016 г. папа Францішак прыняў удзел у малітоўным чуванні на плошчы св. Пятра, прымеркаванным да Нядзелі Божай Міласэрнасці. Каментуючы сведчанні, якія прагучалі з вуснаў удзельнікаў сустрэчы, Пантыфік звярнуў увагу на тое, што Божая міласэрнасць мае мноства абліччаў. 

Бог шмат разоў адкрываўся людзям, дэманструючы сваё міласэрнае імя. На старонках Святога Пісання Яго міласэрнасць праяўляецца ў блізкасці, дапамозе і абароне выбранага народу, а таксама ў пяшчотных адносінах да яго. “Мы не маем Бога, які няздольны разумець і спачуваць нашым слабасцям. Наадварот! Менавіта ў сілу сваёй міласэрнасці Ён стаў адным з нам”, - нагадаў Пантыфік. 

Францішак заклікаў вернікаў таксама станавіцца прыладамі Божай міласэрнасці. Казаць аб міласэрнасці лёгка, але нашмат цяжэй стаць яе канкрэтнымі сведкамі, сказаў ён і заклікаў імкнуцца да гэтай мэты на працягу ўсяго жыцця.

Міласэрнасць Бога, акрамя аблічча блізкасці і пяшчотнасці, з’яўляецца таксама спагадай і дзяленнем, суцяшэннем і прабачэннем. Хто больш яе атрымлівае, пакліканы больш яе несці іншым, заўважыў Святы Айцец. Міласэрнасць не можа захоўвацца для саміх сябе. Гэта штосьці, што палае ў сэрцы і прымушае любіць, распазнаючы аблічча Езуса Хрыста, асабліва ў самых далёкіх, слабых, самотных, разгубленых і маргіналізаваных. 

Папа адзначыў, што міласэрнасць Бога  заўсёды падштурхоўвае выходзіць за ўласныя рамкі ў напрамку іншых людзей. “Дазволім, каб гэта любоў нас вяла з лагоднасцю і дазволіла стаць міласэрнымі, як Айцец”, - пажадаў Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.