2016-04-02 12:28:00

Пантыфік маліўся за спачылага кардынала Жоржа Кацье


Папа Францішак прыняў удзел у пахаванні швейцарскага кардынала Жоржа Кацье, былога тэолага Папскага дома. Па заканчэнні пахавальнай літургіі, якая прайшла 2 красавіка 2016 г. у ватыканскай базыліцы, Пантыфік узначаліў абрад апошняга развітання з памерлым. Кардынал Кацье адышоў у вечнасць 31 сакавіка 2016 г. у 93-гадовым узросце.

Пахальную св. Імшу ўзначаліў кардынал Анджэла Садана. У сваёй гаміліі ён узгадаў пра доўгае жыццё спачылага пурпурата, “цалкам прысвечанае пашырэнню Божага Валадарства ў сучасным свеце”. Кардынал Садана назваў памерлага “песняром хрысціянскай веры”, які імкнуўся знаёміць з Панам, паказваючы нябачнае. 

1 красавіка папа Францішак скіраваў тэлеграму, у якой падкрэсліў адданасць кардынала Кацье Каталіцкаму Касцёлу і адзначыў яго неацэнную культурную і духоўную дзейнасць, асабліва ў якасці тэолага Папскага дома. Гэтую паслугу спачылы пурпурат ажыццяўляў у перыяд з 1990 г. па 2005 г., падчас пантыфікату св. Яна Паўла II і Бэнэдыкта XVI.








All the contents on this site are copyrighted ©.