2016-04-02 10:17:00

На кангрэсе аб Божай Міласэрнасці размаўлялі пра палітыку


Удзельнікі Еўрапейскага апостальскага кангрэсу Божай Міласэрнасці, які 31 сакавіка – 4 красавіка 2016 г. праходзіць у Рыме, разважалі аб адносінах паміж міласэрнасцю і палітыкай. У гэтым кантэксце ўзгадвалася постаць Рабэра Шумана, аднаго з заснавальнікаў Еўрапейскага Саюза, абвешчанага Слугой Божым у 2004 г. Падкрэслівалася, што міласэрнасць – гэта ключ для таго, каб знайсці праўду і справядлівасць, неабходныя для прыняцця рашэння ў імя супольнага дабра. Менавіта гэтым прынцыпам кіраваўся французскі палітык, перакананы віцэ-пастулятар яго беатыфікацыйнага працэсу, айцец Ёзэф Ёст.

“Палітык павінен заўсёды шукаць супольнага дабра, заўсёды павінен імкнуцца служыць чалавеку. Адна з рысаў палітыка – гэта міласэрнае слуханне бліжняга”, - сказаў ён і нагадаў словы Рабэра Шумана: “Трэба напачатку слухаць чалавека да канца, не перабіваючы: слухаць, каб зразумець, чаго ён хоча і затым прамаўляць”. “Нажаль, у палітыцы не знаходзіць прынямення гэты аспект добразычлівасці, міласэрнасці, калі гаворка ідзе пра слуханне людзей”, - заўважыў святар.








All the contents on this site are copyrighted ©.