2016-04-01 10:57:00

Патрыярх Маскоўскі прыняў папскага дыпламата


Патрыярх Кірыл сустрэўся з былым Апостальскім нунцыем у Маскве, арцыбіскупам Іванам Юркавічам. Гэта адбылося 31 сакавіка 2016 года ў маскоўскім Данілавым манастыры. Ватыканскі дыпламат завяршае сваё дыпламатычнае служэнне ў Расійскай Федэрацыі ў сувязі з прызначэннем пастаянным прадстаўніком Апостальскай Сталіцы пры структурах Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Жэневе і Сусветнай гандлёвай арганізацыі.

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі падзякаваў каталіцкаму іерарху за шматгадовае супрацоўніцтва, павіншаваў з новым прызначэннем і ўручыў яму медаль “Славы і гонару”, паведамляецца на афіцыйнай інтэрнэт-старонцы Рускай Праваслаўнай Царквы.

Арцыбіскуп Іван Юркавіч нарадзіўся ў 1952 г. у Славеніі. У першай палове 1990-х гадоў быў дарадцам прадстаўніцтва Святога Пасаду ў Расійскай Федэрацыі. Нёс служэнне Апостальскага нунцыя ў Беларусі ў 2001-2004 гг. і ва Украіне ў 2004-2011 гг. Апостальскім нунцыем у Расіі быў прызначаны ў лютым 2011 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.