2016-04-01 15:56:00

Пантыфік спачувае ў сувязі са смерцю кардынала Жоржа Кацье


Святы Айцец выказаў глыбокія спачуванні ў сувязі са смерцю былога тэолага Папскага дома, кардынала Жоржа Марыя Мартэна Кацье, які адышоў у вечнасць увечары 31 сакавіка 2016 г. у 93-гадовым узросце.

Францішак назваў спачылага кардынала “руплівым слугой Евангелля”, падкрэсліў яго адданасць Каталіцкаму Касцёлу і адзначыў яго неацэнную культурную і духоўную дзейнасць, асабліва ў якасці тэолага Папскага дома. Гэтую паслугу кардынал Кацье ажыццяўляў у перыяд з 1990 г. па 2005 г., падчас пантыфікату св. Яна Паўла II і Бэнэдыкта XVI.

Пахаванне кардынала Кацье адбудзецца 2 красавіка 2016 г. Літургію ў ватыканскай базіліцы ўзначаліць кардынал Анджэла Садана.

Жорж Кацье нарадзіўся 25 красавіка 1922 г. ў швейцарскай Жэневе. У 1944 г. скончыў філалагічны факультэт Жэнеўскага ўніверсітэта. У наступным годзе ўступіў у Ордэн Дамініканаў і працягнуў вучобу ў Папскім універсітэце св. Тамаша Аквінскага ў Рыме. У 1952 г. атрымаў ступень бакалаўра філасофскіх навук і магістра тэалогіі. Прыняў святарскае пасвячэнне 2 ліпеня 1951 г. і ў хуткім часе вярнуўся ў Жэневу, дзе ў 1959 г. абараніў доктарскую дысертацыю. Вёў выкладчыцкую дзейнасць у Жэнеўскім універсітэце, чытаў лекцыі ва ўніверсітэтах Манрэаля, Парыжа, Мілана, Падуі.

У якасці эксперта прымаў удзел у працы Другога Ватыканскага Сабора. У 1986 г. быў абраны членам Міжнароднай тэалагічнай камісіі; у 1989 г. стаў яе сакратаром. У 1990 г. папа Ян Павел II прызначыў кардынала Кацье тэолагам Папскага дома. З 1 снежня 2005 г. яго пераемнікам на гэтай пасадзе стаў польскі дамініканін Войцех Гертых.

Са смерцю швейцарскага пурпурата Калегія кардыналаў паменшылася да 215 асоб, з якіх 116 – гэта кардыналы-выбаршчыкі.








All the contents on this site are copyrighted ©.