2016-03-30 12:17:00

Францішак здзейніў перадвелікодны візіт да Бэнэдыкта XVI


Францішак здзейніў перадвелікодны візіт да свайго папярэдніка Бэнэдыкта XVI. Ён адправіўся для гэтага ў кляштар “Mater Ecclesiae” ў Ватыканскіх садах, дзе Папа на пенсіі жыве пасля сваёй адстаўкі. Сустрэча, якая працягвалася каля гадзіны, адбылася ў мінулую сераду, але аб ёй стала вядома толькі цяпер.

Паміж Францішкам і Бэнэдыктам XVI склаліся цёплыя адносіны, аб чым першы заяўляў неаднойчы. Іх сустрэчы звычайна адбываюцца на Божае Нараджэнне і Вялікдзень, а таксама ў сувязі з папскімі замежнымі падарожжамі.

Жыццё Бэнэдыкта XVI, які сышоў у адстаўку 28 лютага 2013 г., сканцэнтравана вакол малітвы і медытацыі. Толькі некалькі разоў за гэты час 89-гадовы Папа на пенсіі прыняў запрашэнне свайго пераемніка і прыняў удзел у вялікіх касцёльных урачыстасцях: у цырымонях устанаўлення новых кардыналаў і кананізацыі Яна XXIII і Яна Паўла II. Апошні раз Бэнэдыкт XVI публічна з’явіўся на адкрыцці Юбілею Міласэрнасці 8 снежня 2015 г.

У дадатак да малітвы і медытацыі Папа на пенсіі вядзе актыўную перапіску. Нягледзячы на тое, што ў яго ёсць праблемы з хадзьбой, кожны дзень ён робіць кароткі шпацыр па Ватыканскіх садах да Лурдскага грота, дзе моліцца на ружанцы. Бэнэдыкт XVI часам прымае ў сябе наведвальнікаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.