2016-03-30 15:43:00

Ватыканскі кардынал пра экуменічную дыпламатыю Папы


“Вялікдзень – гэта самае важнае свята для ўсіх хрысціян і таму вельмі важна прыйсці да супольнай даты яго святкавання, хоць гэта і нялёгка”, - сказаў кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. У інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву “SIR”, ён заўважыў, што жаданне святкаваць Пасху ў адзін дзень выказалі, акрамя папы Францішка, Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І і копцкі Патрыярх Александрыйскі Тавадрас ІІ.

Праблему, аднак, ускладняе існаванне ў хрысціян двух календароў: грыгарыянскага і юліянскага. Каб святкаваць Пасху ў адзін дзень, хтосьці павінен саступіць. “З іншага боку, мы не павінны забывацца пра яўрэйскія карані даты Пасхі і гэта іншы выклік”, - заўважыў іерарх і выказаў надзею на тое, што пры жаданні ўсіх бакоў, рашэнне гэтай праблемы будзе знойдзена.

Гаворачы пра сітуацыю пераследу хрысціян у свеце, кардынал Кох нагадаў, што 80% усіх выпадкаў дыскрымінацыі па рэлігійнай прыкмеце тычыцца менавіта вызнаўцаў Хрыста розных канфесій. “Хрысціяне падвяргаюцца пераследу не таму што з’яўляюцца лютэранамі, праваслаўнымі, пяцідзесятнікамі або католікамі, але таму што з’яўляюцца хрысціянамі”, - падкрэсліў ён.

Падобны “экуменізм крыві”, на думку ватыканскага кардынала, гэта вялікі дар для Касцёла, хоць з’яўляецца трагедыяй і болем. Іерарх распавёў, як аднойчы папа Францішак сказаў яму: “Вам не падаецца, што тыя, хто пераследуе хрысціян, маюць лепшае разуменне экуменізму, у параўнанні з намі, бо яны –дыктатары – ведаюць, што мы – адно?”.

Кардынал Кох падзяліўся таямніцай экуменічнай “дыпламатыі” Святога Айца. “Вяртаючыся з Канстантынопаля, Францішак сказаў журналістам: “Я хачу сустрэцца з Патрыярхам Кірылам. Няхай ён мне скажа дзе і калі, і я прыеду”. Вось таямніца. Гэта воля, гэта жаданне і сардэчная адкрытасць, гатоўнасць рабіць усе патрэбныя крокі, каб ісці насустрач людзям. Гэта дыпламатыя сустрэчы”, - сказаў пурпурат. Ён дадаў, што для Папы “экуменізм – гэта сяброўства, братэрства і фундамент усяго: “не казаць адно пра аднаго, але асабіста сустракацца і рабіць крокі наперад”.    








All the contents on this site are copyrighted ©.