2016-03-28 12:38:00

Папа перад “Regina Caeli”: жыццё перамагло смерць


“Калі Хрыстус уваскрос, мы можам глядзець новымі вачыма і сэрцам на ўсе падзеі нашага жыцця, нават самыя сумныя”, - сказаў папа Францішак 28 сакавіка 2016 г. перад малітвай “Regina Caeli” у Ватыкане. Пантыфік падкрэсліў, што ўкрыжаваны і ўваскрослы Бог з’яўляецца поўным аб’яўленнем міласэрнасці, якая прысутнічае і дзейнічае ў гісторыі.

“У гэты панядзелак пасля Пасхі, называны “Панядзелкам анёла”, нашы сэрцы яшчэ перапоўнены пасхальнай радасцю, - сказаў Папа. – Пасля часу Вялікага посту, часу пакаяння і навяртання, які Касцёл перажыў асабліва інтэнсіўна ў гэты Святы Год Міласэрнасці, пасля цэлебрацый Пасхальнага Трыдуума, стаім таксама і сёння перад пустой магілай Езуса, са здзіўленнем і ўдзячнасцю сузіраючы вялікую таямніцу ўваскрасення Пана.

Жыццё перамагло смерць. Міласэрнасць і любоў перамаглі грэх! Патрэбны вера і надзея, каб адкрыцца на гэты новы і цудоўны гарызонт. Мы ведаем, што вера і надзея – гэта дары Бога і павінны прасіць: “Пане дай нам веру і надзею, мы іх вельмі патрабуем!”. Дазволім напоўніць сябе эмоцыямі, якія гучаць у пасхальнай секвенцыі: “Сапраўды ўваскрос Ён – гэта цуд праўдзівы”. Пан уваскрос і Ён сярод нас! Гэта праўда незабыўным чынам пазначыла жыццё апосталаў, якія пасля ўваскрасення, адчулі новую патрэбу ў наследванні свайго Настаўніка і атрымаўшы Святога Духа без страху пайшлі абвяшчаць усім, тое, што бачылі сваімі вачыма і перажылі асабіста.

У гэты Юбілейны год мы пакліканы нанова адкрыць і прыняць з асаблівай моцай падбадзёрваючае абвяшчэнне ўваскрасення: “Хрыстус, мая надзея, уваскрос!”. Калі Хрыстус уваскрос, мы можам глядзець новымі вачыма і сэрцам на ўсе падзеі нашага жыцця, нават самыя сумныя. Моманты цемры, няўдачы і граху могуць перамяніцца і абвяшчаць новы шлях. Калі дакранаемся да глыбіні нашай убогасці і слабасці, ўваскрослы Хрыстус дае нам сілы, каб узняцца. Калі будзем давяраць Яму, Яго ласка нас збавіць! Укрыжаваны і ўваскрослы Пан – гэта поўнае адкрыццё міласэрнасці, прысутнай і дзейснай у гісторыі. Вось пасхальнае пасланне, якое яшчэ гучыць сёння і будзе гучаць на працягу ўсяго Пасхальнага перыяду, аж да Пяцідзесятніцы. 

Маўклівай сведкай мукі і ўваскрасення Езуса была Марыя. Яна стаяла побач з крыжам: не скарылася перад абліччам болю, але яе вера, зрабіла яе моцнай. У яе змучаным матчыным сэрцы заўсёды заставалася запаленым полымя надзеі. Папросім яе, каб дапамагла таксама і нам цалкам прыняць пасхальнае абвяшчэнне ўваскрасення, каб уцелавіць яго ў канкрэтных справах нашага штодзённага жыцця.

Панна Марыя няхай адорыць нас упэўненасцю веры, каб кожны пакутны крок на нашым шляху, асветлены пасхальным святлом, стаў благаслаўленнем і радасцю для нас і іншых, асабліва для церпячых ад эгаізму і абыякавасці. Звернемся да яе, з верай і пабожнасцю, з малітвай “Regina caeli”, якая замяняе “Анёл Панскі” на працягу ўсяго Пасхальнага перыяду”.   

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы вернікаў і пажадаў усім правесці наступны тыдзень у радасці і спакоі. Ён параіў кожны дзень чытаць па-маленькаму евангельскаму ўрыўку, у якім гаворка ідзе пра ўваскрасення. 








All the contents on this site are copyrighted ©.