2016-03-26 14:05:00

Папскі элемазінарый правёў “дабрачынны” Крыжовы шлях


25 сакавіка 2016 г. увечары Папскі элемазінарый, арцыбіскуп Конрад Краеўскі адначасова з Крыжовым шляхам, які праходзіў з удзелам папы Францішка ў рымскім Калізеі, правёў незвычайны Крыжовы шлях: разам з валанцёрамі ён адправіўся на вуліцы Рыма, каб наведаць бяздомных, паведаміла 26 сакавіка 2016 г. Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Гэты Крыжовы шлях меў больш за сто "стацый". Бяздомныя, якія спалі пад адкрытым небам на вуліцах Вечнага горада, атрымалі спальныя мяшкі і невялікія падарункі ад Святога Айца. “Цэлебрацыя” скончылася далёка за поўнач, паведамілі ў Ватыкане.

Папская элемазінарыя, якая паклікана ад імя Пантыфіка займацца дабрачыннасцю, ад самага пачатку пантыфікату Францішка паставіла акцэнт на дапамозе бяздомным, таму “дабрачынны” Крыжовы шлях адбываецца не ўпершыню. Так, у Вялікую пятніцу 2014 г. арцыбіскуп Краеўскі накіраваўся на цэнтральны рымскі чыгуначны вакзал “Тэрміні” і блізкія да яго вуліцы, дзе сустрэў каля сотні бедных і бяздомных, якім раздаў віншавальныя паштоўкі ад Папы. У кожную з іх было ўкладзена па 40-50 еўра. На Божае Нараджэнне 2013 г. Францішак праз свайго Элемазінарыя перадаў рымскім бяздомным білеты на грамадскі транспарт і тэлефонныя карткі.








All the contents on this site are copyrighted ©.