2016-03-25 17:12:00

Папскі прапаведнік заклікаў адмовіцца ад жадання помсты


“Супрацьлеглым міласэрнасці з’яўляецца не справядлівасць, а помста”, сказаў 25 сакавіка 2016 г. прапаведнік Папскага дома, айцец Раньера Канталамеса, у сваёй гаміліі падчас пакутнага набажэнства з удзелам папы Францішка, якое вечарам прайшло ў Ватыкане.

Паводле яго слоў, Езус супрацьпастаўляў міласэрнасць не справядлівасці, але закону: “Вока за вока, зуб за зуб”. Прабачаючы грахі, Бог не адмаўляе справядлівасць, а адмаўляе помсту; Ён не хоча, каб грэшнік памёр, але каб навярнуўся і жыў. Таксама і на крыжы Езус не прасіў Айца адпомсціць за Яго, нагадаў прапаведнік.

Айцец Канталамеса заўважыў, што нянавісць і лютасць тэрарыстычных нападаў, якія на гэтым тыдні здарыліся ў Брусэлі, дапамагаюць зразумець Боскую сілу, заключаную ў апошніх словах Хрыста: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць” (Лк 23,34). “Любоў Бога заўсёды большая за нянавіць людзей. Да нас, у сённяшніх умовах скіраваны заклік апостала Паўла: “Не будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром” (Рым 12,21)”, - сказаў ён.

Паводле прапаведніка, сёння трэба “развеяць міф аб помсце”. Ён заражае ўсіх, пачынаючы з дзяцей. Большая частка гісторый, прысутных на экранах тэлевізараў або ў камп’ютэрных гульнях – гэта гісторыі, у якіх добры герой помсціць і перамагае. Палова, калі не больш, пакутаў у свеце, калі гаворка не ідзе пра натуральныя бедствы, паходзіць менавіта з жадання помсты, як у адносінах паміж людзьмі, там і паміж дзяржавамі і народамі, сказаў айцец Канталамеса.

Капуцын перакананы, што адзінай рэччу здольнай збавіць свет, з’яўляецца міласэрнасць Бога да людзей і міласэрнасць паміж людзьмі. Яна можа збавіць, нават самае каштоўнае і ўразлівае, што існуе у гэты момант у свеце: сужэнства і сям’ю.

Прапаведнік заўважыў, што ў сужэнстве напачатку няма міласэрнасці, але ёсць любоў. “Але з гадамі, або месяцамі сумеснага жыцця, праяўляюцца слабасці аднаго і другога, праблемы са здароўем, фінансамі, дзецьмі; умешваецца руціна, якая гасіць любую радасць”, - падкрэсліў ён. 

Менавіта тут узнікае патрэба ў міласэрнасці. Яна чыніць так, што да любові ў форме “эраса” дадаецца “агапэ”. “Бог змілаваўся над чалавекам, ці не павінны муж і жонка “змілавацца” адно над адным? Ці не павінны мы, якія жывем у адной супольнасці, змілавацца адно над адным, замест таго, каб асуджаць?”, - спытаў прапаведнік Папскага дому.

Напрыканцы сваёй гаміліі ён заклікаў маліцца, каб праз заслугі Езуса Хрыста, жаданне помсты выйшла з сэрцаў людзей, сем’яў і народаў і каб жаданне папы Францішка ўстанавіць Святы Год Міласэрнасці, знайшло канкрэтны адказ у чалавечых сэрцах і дазволіла усім адчуць радасць прымірэння з Богам.








All the contents on this site are copyrighted ©.