2016-03-24 17:59:00

Францішак да мігрантаў: мы розныя, але хочам жыць у міры


Вечарам 24 сакавіка папа Францішак узначаліў Імшу Вячэры Пана у цэнтры для мігрантаў, якія чакаюць атрымання прытулку ў Італіі. Ён знаходзіцца ў Кастэльнуова-дзі-Порта, прадмесці Рыма. 

Літургія праходзіла пад адкрытым небам, а алтар быў размешчаны пад адмыслова ўзведзеным намётам. Згодна з парадкам Імшы Вячэры Пана, Францішак абмыў ногі дванаццаці асобам: чатыром католікам з Нігерыі, тром праваслаўным коптам з Эфіопіі, вызнаўцу індуізму, тром мусульманам з Сірыі, Пакістану і Малі, а таксама супрацоўніцы цэнтру – італьянскай каталічцы.

У сваёй гаміліі Папа супрацьпаставіў два жэсты, пра якія кажа Евангелле: абмыццё Езусам ног апосталаў і ўчынак Юды, які не жадаў міру з Хрыстом і таму пайшоў да Яго ворагаў, каб атрымаць грошы за здраду. “Жэсты кажуць больш за словы”, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак супрацьпаставіў таксама два актуальных жэсты: жаданне міру і братэрства вызнаўцаў розных рэлігій прысутных на Імшы і жэсты “вайны і разбурэння”, якія ўчынілі “тры дні таму” у “адным з гарадоў Еўропы”, людзі, якія не жадаць жыць у міры. За гэтым жэстам, паводле слоў Папы, стаяць гандляры зброяй, якія хочуць вайны, а не міру і братэрства.

“Мы розныя, маем розныя культуры і рэлігіі, але мы ўсе браты і хочам жыць у міры. Кожны з вас мае сваю гісторыю: шмат крыжоў, шмат болю, але таксама адкрытае сэрца, якое хоча братэрства. Няхай кожны, на сваёй рэлігійнай мове, памоліцца да Бога, каб гэта братэрства перадалося па свеце, каб не было тых 30 манет за якія можна забіць брата, каб заўсёды былі братэрства і дабрыня”, - заклікаў Святы Айцец.

На дадзены момант ў цэнтры для мігрантаў у Кастэльнуова-дзі-Порта пражывае 892 асобы – прадстаўнікі 26 нацыянальнасцяў. Пераважную большасць з іх складаюць мусульмане. Трэцяя часта – хрысціяне розных канфесій, а таксама 2 вызнаўцы індуізму. 

Яшчэ раніцай у цэнтр для мігрантаў былі дастаўлены падарункі ад Святога Айца: каля 200 пасхальных шакаладных яек, драўляныя шахматы, мноства футбольных і бейсбольных мячоў. На працягу ўсяго дня перад літургіяй, у гасцей цэнтра, была магчымасць прыступіць да сакрамэнту споведзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.