2016-03-24 11:23:00

Папа да святароў: будзьце слугамі міласэрнасці і суцяшэння


24 сакавіка 2016 г. у ватыканскай базыліцы папа Францішак узначаліў св. Імшу Хрызму, падчас якой прамовіў доўгую гамілію, у якой заклікаў святароў адкрыцца на Божую міласэрнасць і несці яе свету. 

Францішак заўважыў, што Евангелле міласэрнасці часта не прымаецца людзьмі. Ён нагадаў, як Езуса хацелі скінуць з вяршыні высокай гары пасля словаў пра тое, што Святое Пісанне споўнілася ў Ім. Там, дзе Пан абвяшчае Евангелле міласэрнасці да бедных, самых далёкіх і прыгнечаных, мы пакліканы зрабіць выбар і весці барацьбу за веру. Барацьба Езуса, аднак, была "не супраць людзей, а супраць д'ябла, ворага чалавецтва", падкрэсліў Папа.

"Езус не вёў барацьбы за ўмацаванне прасторы ўлады. Калі ламаў бар'еры і ставіў пад пытанне гарантыі бяспекі, то рабіў гэта для таго, каб адкрыць шчыліну для патоку міласэрнасці, якую з Айцом і Духам прагнуў выліць на зямлю", - сказаў ён.

Францішак заклікаў святароў глыбока паразважаць над уласным жыццём, каб узгадаць аб досведзе асабістай сустрэчы з Божай міласэрнасцю. "Як святары, мы сведкі і слугі заўсёды большай Міласэрнасці нашага Айца, мы маем салодкае і бадзёрае заданне ўцелаўляць яе, як рабіў Езус, які "праходзіў благаслаўляючы і аздараўляючы" тысячу спосабамі, каб яна дасягнула ўсіх", - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што падчас сустрэчы з Панам, можна адчуць Божую міласэрнасць, якая ўсё аднаўляе і вяртае асобам іх першапачатковую годнасць. Таму самым правільным адказам на яе з'яўляецца радасная падзяка: святкаванне. Толькі маючы гэты момант "святкавання", можна пачаць добра думаць, прасіць прабачэння і ясна бачыць, як можна выправіць здзейсненае зло, перакананы Пантыфік.

"Будзе карысна спытаць сябе: пасля споведзі, святкую? Або хутка пераходжу да іншай справы, як схадзіўшы да ўрача і ўбачыўшы, што аналізы не вельмі кепскія, кладу іх у канверт і пераходжу да іншых заняткаў. І калі ахвяруем міласціну, даем час таму, хто яе прымае, каб выразіў сваю падзяку, святкуем яго ўсмешку і тыя благаслаўленні, якія нам даюць бедныя, або бяжым далей па сваіх справах, пасля таго, як "дазволілі ўпасці манеце"?, - спытаў Пантыфік.

Іншая сфера, у якой бачым, праяўленне Божай міласэрнасці – гэта прабачэнне. Бог не толькі прабачае незлічоныя правіны, але дазваляе непасрэдна перайсці ад самага сарамлівага сораму да самай высокай годнасці без прамежкавых крокаў. Папа адзначыў важнасць прабывання ў здаровай напружанасці паміж годным сорамам і годнасцю, здольнай сароміцца. 

Францішак заклікаў святароў суадносіць сябе з пагарджаным народам, які збаўляе Пан і памятаць пра існаванне незлічонага мноства бедных, неадукаваных, зняволеных людзей, якія знаходзяцца ў такіх сітуацыях, бо іншыя іх туды заганяюць.

"Але будзем памятаць таксама, каб кожны з нас ведаў, наколькі часам з'яўляемся сляпымі, пазбаўленымі святла веры, не таму што не маем пад рукой Евангелля, але таму што празмерна захапляемся складанымі тэалагічнымі пытаннямі. Адчуваем, што наша душа прагне духоўнасці, не па прычыне адсутнасці Жывой Вады – якую п'ем толькі маленькімі глыткамі – але па прычыне празмернага захаплення "асвяжаючай" духоўнасцю ў версіі "лайт". Адчуваем сябе таксама нявольнікамі, не акружанымі, як многія народы, непераадольнымі каменнымі мурамі і стальнымі агароджамі, але віртуальнай марнасцю, якая адкрываецца і закрываецца з дапамогай простага "кліку". Мы прыгнечаны, але не пагрозамі і штурханнямі, як мноства бедных людзей, але зачараваннем тысячу спажывецкіх прапаноў, якія не можам адкінуць, каб крочыць, у свабодзе, па сцежках, якія вядуць да любові да нашых братоў, статку Пана, да авечак, якія чакаюць голасу сваіх пастыраў", - сказаў Папа.

Напрыканцы сваёй гаміліі Францішак нагадаў святарам, што Езус прыходзіць, каб "адкупіць нас, вывесці, перамяніць з убогіх і сляпых, з вязняў і прыгнечаных у слугаў міласэрнасці і суцяшэння".








All the contents on this site are copyrighted ©.