2016-03-23 13:30:00

Святы Пасад у ААН пра сітуацыю ў Афрыцы


Афрыканскі раён Вялікіх азёр на працягу дзесяцігоддзяў пакутуе ад шматлікіх лакальных і рэгіянальных канфліктаў. Гэтаму спрыяюць, акрамя ўсяго іншага, палітычная нестабільнасць і дрэннае кіраванне, карупцыя і крайняя галеча, этнічныя рознагалоссі і драпежніцкая эксплуатацыя багатых прыродных рэсурсаў, адзначыў прадстаўнік Святога Пасаду пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку падчас адкрытых дэбатаў у Савета Бяспекі па тэму папярэджання і вырашэння канфліктаў у афрыканскім рэгіёне.

Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса адзначыў, што немагчыма вырашыць шматлікія праблемы ў раёне Вялікіх азёр, пакуль там будуць панаваць “падзелы замест адзінства, сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека замест павагі да годнасці кожнага чалавека, крайняя галеча замест годнай працы для ўсіх”.

“Міжнародная супольнасць павінна аказваць падтрымку краінам рэгіёну і не дапусціць, каб багатыя прыродныя рэсурсы сталі праклёнам, а не благаслаўленнем, каб выкарыстоўваліся ў інтарэсах нешматлікай групы, а не заставаліся агульным дабром усіх”, - сказаў ватыканскі дыпламат. Ён нагадаў пра дэстабілізацыю абстаноўкі ў рэгіёне ў сувязі з распаўсюджваннем узброеных груп і падкрэсліў неабходнасць іх дабравольнага раззбраення і жадання супрацоўніцтва ў развіцці сваіх краін. 

На думку Святога Пасаду, міжнародная супольнасць павінна адыгрываць больш актыўную ролю ў праграмах барацьбы з легальным і нелегальным гандлем зброяй. 

Арцыбіскуп Ауса ўзняў і пытанне аб наборы маладых людзей і дзяцей ва ўзброеныя групы і тэрарыстычныя арганізацыі і падкрэсліў, што “варта рашуча змагацца з гэтым праз інвеставанне ў адукацыю і занятасць, даючы маладым людзям надзею на лепшую будучыню”.








All the contents on this site are copyrighted ©.