2016-03-21 13:19:00

Святы Айцец спачувае ў сувязі з гібеллю студэнтаў


Папа выказаў свае спачуванні ў сувязі з дарожнай аварыяй, якая адбылася 20 сакавіка 2016 г. у іспанскай Каталоніі. Ён моліцца за загінулых, а параненым жадае хутчэйшага выздараўлення, гаворыцца ў тэлеграме за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна. Пантыфік выказаў таксама сваю духоўную падтрымку сем’ям загінулых і пацярпелых у страшнай аварыі.

У мінулую нядзелю ў Каталоніі каля шасці раніцы па мясцовым часе ў аварыю трапіў пасажырскі аўтобус. У ім знаходзіліся 56 чалавек, большасць з іх – замежныя студэнты. Аўтобус ехаў у напрамку Барселоны. 14 чалавек, якія знаходзіліся ў ім, загінулі. 8 пацярпелых былі дастаўлены ў бальніцу, сярод іх чацвёра – у цяжкім стане. Паведамляецца, што сярод параненых ёсць грамадзяне Швейцарыі, Нарвегіі, Англіі, Турцыі, Украіны і жыхары Барселоны.








All the contents on this site are copyrighted ©.