2016-03-20 12:55:00

Святы Айцец: на вяршыні прыніжэння Езус даруе нам


Падобна таму, як Езус увайшоў у Ерузалем, Ён жадае ўвайсці ў нашы гарады і наша жыццё. Ён прыходзіць да нас у пакоры і праз моц сваёй любові даруе нашы грахі і прымірае нас з Айцом і з самімі сабой, сказаў папа Францішак 20 сакавіка 2016 г. падчас Эўхарыстыі ў Пальмовую нядзелю, у якой прымала ўдзел моладзь Рыма і іншых дыяцэзій. Сустрэча з Францішкам стала “ўверцюрай” Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць 26-31 ліпеня ў Кракаве.

Папа адзначыў, што вернікі, якія сабраліся на плошчы св. Пятра, атаясаміліся з энтузіязмам натоўпу, які вітаў Езуса ў Ерузалеме дзве тысячы гадоў таму. Ён падкрэсліў, што нішто не перашкаджае нам знайсці ў Ім крыніцу сапраўднай радасці, якая не заканчваецца і дае спакой, таму што толькі Езус здольны выратаваць нас ад рабства граху, смерці, страху і смутку.

Францішак адзначыў, што сённяшняя літургія вучыць таму, што Хрыстус збавіў чалавека не праз свой трыумф і вялікія цуды, але праз прыніжэнне. Пантыфік узгадаў жэст абмыцця ног вучням. Вяршыняй прыніжэння стала Яго мука. Прычым, адзінота, паклёп і боль – гэта яшчэ не кульмінацыя яго прыніжэння: каб быць цалкам салідарным з намі, Ён перажыў на крыжы “таямнічую пакінутасць Айцом”, заўважыў Пантыфік. Тым не менш, на вяршыні прыніжэння Езус паказвае сапраўднае аблічча Бога – Яго міласэрнасць. Ён даруе сваім катам, адчыняе дзверы раю “добраму злачынцы” і кранае сэрца сотніка. 

Францішак адзначыў, што для нас, закаханых у сабе, дзеянне Бога, Які знішчыў сябе, можа здацца вельмі чужым. Але мы пакліканы выбраць шлях Езуса, шлях служэння, забыцца пра сябе. Пантыфік заклікаў вернікаў выбраць гэты шлях у дні Вялікага Тыдня: адмовіцца ад эгаізму, імкненне да ўлады і славы і вучыцца пакорлівай любові, якая ратуе і дае жыццё.








All the contents on this site are copyrighted ©.