2016-03-18 14:24:00

“Instagram” Папы – падрабязнасці функцыянавання


Зала Друку Святога Пасаду пацвердзіла 18 сакавіка 2016 г., што “Францішак далучыцца да “Instagram” у суботу, 19 сакавіка, ва ўрачыстасць св. Юзафа”. Яго першы пост, як чакаецца, з’явіцца каля 12.00 па рымскім часе. Акаўнт на сервісе для абмену фотаздымкамі будзе называцца @Franciscus (з лацінскай мовы – Францішак). Гэта новая ініцыятыва Святога Айца ў сацыяльных сетках. Ён ужо прысутнічае на платформе “Twitter”, дзе на яго акаўнт падпісаны больш за 25 мільёнаў карыстальнікаў.

“Instagram” паспрыяе знаёмству з пантыфікатам з дапамогай вобразаў, якія адлюстроўваюць жэсты пяшчоты і міласэрнасці Папы,і праз гэта людзі змогуць пазнаёміцца з самім Францішкам, лічыць кс. Дарыё Вігано, прэфект Сакратарыяту па камунікацыі. 

Ён падзяліўся тэхнічнымі падрабязнасцямі працы профілю: фотаздымкі будуць выбірацца з фотасервісу ватыканскай газеты “L’Osservatore Romano”. За “Instagram” Папы будзе адказваць Аддзел па сацыяльных медыя Сакратарыята па камунікацыі. Плануецца размяшчэнне не толькі фатаграфій, але і кароткіх відэаролікаў.

Святар заўважыў, што профіль пачынае дзейнічаць у Год Міласэрнасці, і гэта не выпадкова: такім чынам, Юбілей будзе адлюстроўвацца ў сацыяльных медыя “вельмі канкрэтным і натуральным чынам”.








All the contents on this site are copyrighted ©.