2016-03-17 10:44:00

Кардынал Паралін: Юбілей павінен прынесці мір у Сірыю


Кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін выказаў пажаданне, каб Юбілейны Год Міласэрнасці меў наступствы і для палітычнай сферы, у прыватнасці, каб паспрыяў спыненню вайны ў Сірыі. Аб гэтым высокі ватыканскі іерарх сказаў падчас наведвання выставы “Antiquorum habet”, аб гісторыі Святых Юбілеяў у Касцёле. Яна была адкрыта 15 сакавіка 2016 г. у Рыме. У мерапрыемстве прыняў удзел таксама старшыня Сенату Італьянскай Рэспублікі, Пьетра Граса.

“Мы вельмі горача жадаем, каб Святы Год меў наступствы і на палітычным узроўні, у сэнсе спынення вайны ў Сірыі. Для людзей гэта сітуацыя з’яўляецца нязноснай. Невымоўныя пакуты гэтага народу павінны рэхам адбіцца ў нашых сэрцах і сэрцах палітыкаў”, - сказаў ватыканскі іерарх.

Кардынал Паралін выказаў спадзяванне на добрыя вынікі мірных перамоў у Жэневе і станоўча ацаніў вывад расійскіх войскаў з Сірыі. “Пабачым, ці гэтыя апошнія дзеянні, выйсце Расіі, зможа прывесці да прагрэсу ў перамовах і дасягнення палітычнага рашэння”, - сказаў ён.

Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца нагадаў, што 18 сакавіка здзейсніць візіт у Македонію, падчас якога сустрэнецца з бежанцамі. 

Выстава “Antiquorum habet” будзе працягвацца да 1 мая 2016 г. Яна дае магчымасць наведвальнікам пазнаёміцца з гісторыяў Святых Юбілеяў, пачынаючы ад першага – які прайшоў у 1300 г. – да нашых дзён. Тут прадстаўлены манускрыпты, старажытныя і сучасныя друкаваныя кнігі, часопісы і буклеты, фотаздымкі з архіву Сената Італьянскай Рэспублікі. Кардынал Паралін назваў выставу “знакам увагі” да Святога Года, які пажадаў абвясціць папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.