2016-03-16 14:14:00

Чарговыя слуханні па “Vatileaks 2”


У Трыбунале Дзяржавы Ватыкан працягваюцца слуханні ў рамках працэсу па абнародаванні і распаўсюджванні канфідэнцыйных паведамленняў і дакументаў. 

На лаве падсудных – тры ватыканскіх супрацоўнікі: кс. Лусіа Вальеха Бальда, Франчэска Шаўкі і Нікола Маё. Яны абвінавачваюцца ў стварэнні злачыннай арганізацыі, накіраванай на распаўсюд інфармацыі і дакументаў, якія тычацца істотных інтарэсаў Апостальскай Сталіцы. Акрамя таго, сярод падсудных два журналісты: Джанлуіджы Нуццы і Эміліяна Фiціпальдзі. Яны абвінавачваюцца ў здзяйсненні ціску з мэтай атрымання сакрэтных дакументаў.

Адзін з абвінавачаных, кс. Вальеха Бальда, знаходзіцца пад арыштам у будынку Ватыканскай жандармерыі. Гэта прэвентыўная мера была выкарыстана ў сувязі з яго спробамі фальсіфікаваць доказы і парушэннем забароны кантактаў са знешнім асяроддзем. Раней іспанскі святар знаходзіўся пад хатнім арыштам.

У ходзе слуханняў кс. Вальеха Бальда прызнаўся ў перасылцы ў электронным выглядзе канфідэнцыйнай інфармацыі, падкрэсліўшы, што ніколі не перадаваў дакументаў на паперы, а менавіта ў такой форме захоўваюцца самыя важныя дакументы. Ён прызнаўся, што Франчэска Шаўкі і яе муж аказвалі на яго ціск, таму ён адчуваў пагрозу. Менавіта яны прадставілі яму італьянскіх журналістаў. Святар паведаміў таксама, што з-за адсутнасці дастатковай бяспекі ў кабінетах Прэфектуры эканамічных спраў Апостальскай Сталіцы Папу папрасілі выдзеліць пакой у Доме св. Марты для захоўвання там найбольш важных дакументаў Камісіі па вывучэнні рэформы эканамічна-адміністрацыйнай структуры Святога Пасаду, створанай Францішкам ў ліпені 2013 г., а затым распушчанай пасля выканання мандату.








All the contents on this site are copyrighted ©.