2016-03-16 14:30:00

Святы Пасад: захаваць інтарэсы Сірыі і яе грамадзян


Сірыя, яе інтарэсы і будучыня не могуць быць прынесены ў ахвяру ў імя нейкіх рэгіянальных або міжнародных інтарэсаў, так лічыць Святы Пасад. Яго афіцыйны прадстаўнік у ААН, кс. Рычард Гейра выступіў 15 сакавіка 2016 г. у Жэневе падчас слуханняў у Савеце па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Ён перасцярог ад ігнаравання інтарэсаў Сірыі, што можа прывесці да кансалідацыі канфлікту і будзе мець сур’ёзныя наступствы для рэгіёну і для ўсяго свету.

Папскі дыпламат падрабязна распавёў пра шматлікія пакуты сірыйскага народа, у тым ліку злачынствы супраць чалавечнасці, за якія ніхто пакуль не адказаў. Ён нагадаў аб штодзённых нападах, мэтай якіх з’яўляюцца грамадзянскія асобы.

У сувязі з гэтым Часовы павераны ў справах Пастаяннага прадстаўніцтва Апостальскай Сталіцы ў аддзяленнях Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Жэневе падкрэсліў неабходнасць спынення канфлікту ў Сірыі, пры поўным захаванні інтарэсаў гэтай краіны і ўсіх яе жыхароў. У прыватнасці, ён указаў на неабходнасць захавання правоў рэлігійных і этнічных меншасцяў. Іх выжыванне і росквіт з’яўляецца закладам дэмакратычнай дзяржавы. У гэтым кантэксце кс. Гейра таксама адзначыў неабходнасць вяртання бежанцаў. Гэта, паводле пераканання Святога Пасаду, умова фактычнага заканчэння канфлікту, прымірэння і аднаўлення.








All the contents on this site are copyrighted ©.