2016-03-14 13:49:00

Сістэматычная барацьба Касцёла з сексуальнымі злоўжываннямі


Барацьба Касцёла з сексуальнымі злоўжываннямі духавенства і касцёльных супрацоўнікаў працягваецца, і многае ўжо зроблена ў гэтай галіне, сказаў Мітрапаліт Мальты ў інтэрв’ю для “Vatican Insider”. Арцыбіскуп Чарльз Шыклуна займаўся гэтымі прытаннямі яшчэ падчас пантыфікату Яна Паўла II як супрацоўнік Кангрэгацыі Веравучэння, якую ўзначальваў тады кардынал Ёзэф Ратцынгер, і падчас усяго пантыфікату Бэнэдыкта XVI. У цяперашні час ён узначальвае ў гэтай дыкастэрыі адмысловую калегію, якая разглядае апеляцыі ў справах адносна злачынстваў, разгляд якіх зарэзерваваны Апостальскай Сталіцы.

Мальтыйскі іерарх падкрэсліў, што Францішак працягвае лінію свайго папярэдніка і інтэрпрэтуе гэта тэалагічна, прыраўноўваючы злоўжыванні адносна непаўналетніх да прафанацыі Эўхарыстыі, або сатанізму. Францішак рэзка выказваецца пра біскупаў, якія пераносяць святароў, замяшаных у такога роду злачынствы з парафіі ў парафію. Гэта практыка з’яўляецца вынікам няслушнага меркавання, што асоба ў іншым асяроддзі зменіцца. Але цяпер Касцёл ўжо не дазваляе гэтага, падкрэсліў арцыбіскуп Шыклуна.

Іерарх нагадаў, што вядомы фільм “У цэнтры ўвагі” (Spotlight) паказвае сітуацыю 2002 года, калі ў Касцёле толькі пачыналася завастрэнне адпаведнага заканадаўства. З таго часу прайшло 14 гадоў, і ў Касцёле былі прадпрыняты беспрэцэдэнтныя меры для абароны непаўналетніх. Біскупы абавязаны паводле кананічнага права паведамляць пра такія выпадкі грамадзянскія ўлады (напрыклад, у англа-саксонскіх краінах, дзе закон гэтага патрабуе), або заахвоціць да гэтага ахвяр злоўжыванняў. У любым выпадку, яны абавязаны супрацоўнічаць з уладамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.