2016-03-13 13:29:00

Тры гады пантыфікату Францішка – факты і лічбы


Трэцяя гадавіна абрання Францішка на Пасад св. Пятра, якая адзначаецца 13 сакавіка 2016 г., з’яўляецца добрай магчымасцю ўзгадаць пэўныя факты і лічбы, якія добра ілюструюць бягучы пантыфікат. 

Святы Айцец здзейніў у гэты перыяд 12 замежных паездак, падчас якіх наведаў 20 краін; 11 разоў ён накіроўваўся ў розныя дыяцэзіі і рэгіёны Італіі, а таксама наведаў 11 парафій Рыма.

З вернікамі і пілігрымамі з усіх краін свету ён сустрэўся 168 разоў на малітве “Анёл Панскі” і “Regina Coeli” і 124 на агульных аўдыенцыях. Абвясціў 2 энцыклікі, 1 апостальскую адгартацыю, 15 апостальскіх канстытуцый, 9 іншых дакументаў у форме “motu proprio”, 101 ліст, 29 апостальскіх лістоў, 153 пасланні, у тым ліку 18 з нагоды розных касцёльных Сусветных дзён: міру, сродкаў масавай камунікацыі, хворага, мігрантаў і бежанцаў, моладзі, малітвы аб святарскіх і законных пакліканнях, і іншых.

Акрамя таго, Папа скіраваў 628 прамоў, 180 казанняў і гамілій, 382 гаміліі падчас ранішняй св. Імшы ў капліцы дому св. Марты. Апошнія з’яўляюцца адметнай рысай гэтага пантыфікату, паколькі ні адзін з яго папярэднікаў не практыкаваў такой формы сустрэч з вернікамі і навучання.

На працягу бягучага пантыфікату адбылося 47 беатыфікацый і 10 кананізацый. Пантыфік удзяліў сакрамэнт хросту 116 асобам, дзецям і дарослым, сакрамэнт канфірмацыі – 44, святарскае пасвячэнне – 42, біскупскую сакру – 5, благаславіў 20 сакрамэнтальных сужэнскіх саюзы. На двух кансісторыях узвёў у кардынальскую годнасць 39 іерархаў. Прызначыў чатырох новых біскупаў для Беларусі.

Францішак прыняў 194 палітыкі, ад кіраўнікоў дзяржаў да парламентарыяў, з 102 краін і 39 міжнародных арганізацый. Некаторых з іх Папа прымаў неаднаразова.

На працягу мінулых трох гадоў на сустрэчах з Францішкам, з улікам розных падзей і аўдыенцый, прысутнічалі амаль 4,5 мільёны чалавек.








All the contents on this site are copyrighted ©.