2016-03-12 15:13:00

“Евангелле Міласэрнасці” на ватыканскай плошчы


У Пятую нядзелю Вялікага посту, 13 сакавіка 2016 г., на плошчы св. Пятра ў Ватыкане, пасля малітвы “Анёл Панскі”, валанцёры раздадуць людзям кішэнны варыянт “Евангелля паводле св. Лукі”. Яно займае асаблівае месца ў гэтым літургічным годзе: урыўкі з яго чытаюць у нядзельным цыкле Літургіі слова падчас св. Імшы, а словы Езуса з яго: “Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны” (Лк 6,36), сталі лейтматывам Юбілейнага Года Міласэрнасці.

Выданне кішэннага фармату мае назву “Евангелле Міласэрнасці паводле св. Лукі”. Папа Францішак прэзентуе яго з акна Апостальскага палацу, а пасля малітвы “Анёл Панскі” 40 тыс. копій кнігі будуць раздадзены прысутным на плошчы людзям. У якасці валанцёраў выступяць супрацоўнікі Педыятрычнага дыспансера св. Марты ў Ватыкане, а таксама сотні пажылых жыхароў Рыма, членаў некамерцыйнай арганізацыі “Нацыянальны саюз пажылых работнікаў”.

“Місія Касцёла, - адзначаў Папа ў сваёй буле “Misericordiae Vultus” - абвяшчэнне Божай міласэрнасці, жывога сэрца Евангелля, каб такім чынам дастукацца да сэрца і розуму кожнага чалавека”. Таму такім важным і сімвалічным становіцца ўдзел у акцыі пажылых людзей. Ад бабуль і дзядуль – сапраўдных знаўцаў міласэрнасці, ахоўнікаў найвялікшых і найпрыгажэйшых каштоўнасцей – могуць вучыцца дзеці і ўнукі, гаворыцца ў паведамленні Папскай элемазінарыі, арганізатара ініцыятывы.








All the contents on this site are copyrighted ©.