2016-03-12 11:31:00

Францішак: быць міласэрнымі – гэта служыць бліжнім


“Быць міласэрнымі, як Айцец, азначае наследаваць Езуса на шляху служэння”, - сказаў папа Францішак 12 сакавіка 2016 г., падчас надзвычайнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Пантыфік пастанавіў павялічыць колькасць агульных аўдыенцый на працягу Юбілейнага Года Міласэрнасці. Цяпер яны адбываюцца не толькі па серадах, але часта і ў суботы.

Пантыфік нагадаў, што Касцёл паступова набліжаецца да ўрачыстасці Вялікадня – “цэнтральнай таямніцы нашай веры”. У сувязі з гэтым ён заўважыў, што “перш, чым памерці і ўваскрэснуць для нас, Езус здзейсніў жэст, які глыбока застаўся ў памяці вучняў: абмыццё ног”. “Гэта жэст настолькі нечаканы і кранальны, што Пётр не пажадаў прыняць яго”, - нагадаў Францішак.

“Я б хацеў пахіліцца над апошнімі словамі Езуса: “Ці разумееце, што Я зрабіў вам? Калі ж Я, Пан і Настаўнік, абмыў вам ногі, то і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму” (Ян 13, 12.14). Такім чынам Езус указаў сваім вучням на служэнне, як на шлях, якім трэба прайсці, каб жыць верай у Яго і даваць сведчанне аб Яго любові. Сам Езус ужыў адносна сябе вобраз “Слугі Божага”, які выкарыстаў прарок Ісая. Ён, які з’яўляецца Панам, становіцца слугой!”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Францішак нагадаў, што любоў у хрысціянскім разуменні – гэта, у першую чаргу, учынкі на карысць бліжняга. “Абмываючы ногі апосталам, Езус хацеў паказаць, якім чынам Бог дзейнічае ў адносінах да нас, і даць прыклад сваёй “новай запаведзі”, якая тычыцца такой любові да іншых, якой Ён палюбіў нас, гэта значыць – аддаючы жыццё за нас. Ён даў сваё жыццё за нас: таму, таксама і мы павінны даваць жыццё за братоў. Дзеці, не будзем любіць толькі на словах, але з учынкамі і ў праўдзе”, - сказаў Папа. 

Святы Айцец пажадаў, каб служэнне бліжнім было адрасавана, у першую чаргу, да асоб, якія знаходзяцца ў патрэбе. Прычым, гэтым заклік тычыцца не толькі вызнаўцаў Хрыста. 

“Любоў, такім чынам, гэта канкрэтнае служэнне, якое аказваем адно аднаму. Служэнне пакорнае, якое здзяйсняецца ў маўчанні і са сціпласцю, згодна з тым, як Езус казаў: “няхай не ведае твая левая рука, што робіць правіца твая” (Мц 6,3). Яно патрабуе паставіць на службу дары, якімі Святы Дух нас напоўніў, каб супольнасць магла расці. Акрамя таго, яно выражаецца ў дзяленні матэрыяльнымі дабротамі, каб ніхто не быў у нястачы. Дзяленне і самапрысвячэнне тым, хто ў патрэбе – гэта лад жыцця, які Бог прапануе таксама і многім не-хрысціянам у якасці шляху сапраўднай гуманнасці”, - перакананы Папа.

Напрыканцы аўдыенцыі Пантыфік заклікаў не забывацца, што абмываючы ногі вучням і просячы іх рабіць тое ж, Езус запрашае нас да ўзаемнага прызнання ў слабасцях і малітвы адно за аднаго, каб кожны быў здольны сардэчна прабачыць іншага.








All the contents on this site are copyrighted ©.