2016-03-11 13:51:00

105-годдзе з дня наражэння ватыканскага журналіста-беларуса


У Касцёле ў Беларусі адзначае 105-годдзе з дня нараджэння айца Льва Гарошкі – славутага беларускага святара, культуролага, грамадскага дзеяча і журналіста, шматгадовага кіраўніка Беларускай секцыі Ватыканскага радыё. Яго літаратурная, публіцыстычная і тэалагічная спадчына да сённяшняга дня выклікае цікавасць шматлікіх даследчыкаў і простых вернікаў.

Айцец Гарошка нарадзіўся 11 лютага 1911 г.  у сялянскай сям’і ў Навагрудскім павеце. Пасля заканчэння беларускай гімназіі, паступіў у Львоўскую духоўную акадэмію, а затым працягнуў вывучэнне тэалогіі у аўстрыйскім Інсбруку. Пасля атрымання святарскага пасвячэння, працаваў у Пінскай дыяцэзіі, у якасці душпастыра і педагога.

У 1944 г. апынуўся ў эміграцыі. Займаўся душпастырствам сярод беларусаў у Германіі і Францыі. Да 1958 г. жыў у Парыжы, дзе рэдагаваў і выдаваў рэлігійна-грамадскі часопіс “Божым шляхам”, а таксама падрыхтаваў аднайменны малітоўнік, якім да сённяшняга дня карыстаюцца многія вернікі.

У 1959 г. ён прыехаў у Рым, дзе ўступіў у Кангрэгацыю Айцоў Марыянаў Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, а на наступны год узначаліў Беларускую каталіцку місію у Лондане. На гэтай пасадзе, аднак, ён не прабыў доўга. 

Айцец Гарошка па-сапраўднаму змог рэалізаваць сваё пакліканне каталіцкага прапаведніка, публіцыста і журналіста падчас працы на Ватыканскім радыё. У 1970 г. ён быў прызначаны кіраўніком Беларускай секцыі. За сем гадоў плённай  службы ў Апостальскай Сталіцы ён падрыхтаўваў некалькі ўнікальных цыклаў праграм, прысвечаных хрысціянству ў беларускай літаратуры, знаёміў вернікаў з думкамі вялікіх навукоўцаў, астраномаў, кампазітараў аб Богу і рэлігіі.

Паводле сведкаў той эпохі, дзякуючы яго намаганням беларускія праграмы ўзняліся на вельмі высокі ўзровень. Гэта пацвярджалі таксама частыя напады на айца Гарошку ў беларускай савецкай прэсе. “Гэта быў доказ таго, што ў Беларусі Ватыканскія праграмы слухаюць і яны не падабаюцца камуністычным гаспадаром”, - пісаў айцец Аляксандр Надсан, субрат айца Гарошкі. 

Сам святар прызнаваўся, што “намагаецца рабіць усё магчымае, каб забяспечыць рэлігійныя патрэбы беларускага народа”. Яго прыклад працягвае натхняць мноства душпастыраў, а яго ўклад з’яўляецца выключным для каталіцкай журналістыкі ў Беларусі.








All the contents on this site are copyrighted ©.