2016-03-10 13:17:00

Ватыканскі дыпламат: свабода рэлігіі і слова ўзаемазалежныя


Свабода рэлігіі і свабода слова з’яўляюцца ўзаемазалежнымі, і звязаны яны як з правамі, так абавязкамі, таму не могуць весці да самавольства, нагадаў прадстаўнік Святога Пасаду 9 сакавіка 2016 г. у Савеце па правах чалавека ААН. Часовы павераны ў справах Пастаяннага прадстаўніцтва Апостальскай Сталіцы ў аддзяленнях Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Жэневе кс. Рычард Гейра адзначыў “недахоп палітычнай волі з боку разнастайных інстытутаў міжнароднай супольнасці” ў справе абароны права на рэлігійную свабоду і дадаў, што ў многіх краінах растуць яе абмежаванні.

“Прыніжэнне той сутнаснай ролі, якую рэлігія адыгрывае ва ўсіх грамадствах, не можа быць адказам на сучасныя выклікі”, - сказаў папскі дыпламат. Ён падкрэсліў, што свабода рэлігіі і слова павінны быць зразуметыя ў цэласным кантэксце агульных і ўзаемазалежных паміж сабой правоў чалавека. Небяспечна, калі правы чалавека ўспрымаюцца як бязмежнае самавольства і аўтаномнасць. Не можна імі карыстацца без спасылкі на іншых людзей або без абавязацельстваў, якія адпавядаюць індывідуальным правам, сказаў дыпламатычны прадстаўнік Святога Пасаду ў Жэневе.

“Мы жывём у свеце, у якім праходзіць глабалізацыя тэхнакратычнай парадыгмы. Гэты працэс свядома імкнецца стварыць аднамерную аднастайнасць і знішчыць усе адрозненні і традыцыі ў павярхоўным пошуку адзінства”, заўважыў ватыканскі дыпламат.

“Рэлігіі маюць права і абавязак казаць пра магчымасць пабудовы грамадства здаровага плюралізму, які паважае адрозненні і цэніць іх (...) Крытычна важна, каб да людзей усіх рэлігійных перакананняў ці атэістаў ставіліся аднолькава, без дыскрымінацыі і пераследу”, — сказаў прадстаўнік Святога Пасаду. Ён асудзіў абразу рэлігійных пачуццяў, забойства ў імя Бога і абмежаванне рэлігійнай свабоды заканадаўствам некаторых краін.








All the contents on this site are copyrighted ©.