2016-03-09 12:04:00

Святы Пасад у ААН пра міжнародную запазычанасць


“Рашэнне праблемы міжнароднай запазычанасці, гэта не толькі пытанне эканомікі, але і палітычнай волі”, - сказаў прадстаўнік Святога Пасаду ў Савеце па правах чалавека ААН. 

Часовы павераны ў справах Пастаяннага прадстаўніцтва Апостальскай Сталіцы ў аддзяленнях Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Жэневе, кс. Рычард Гейра, выступіў на пасяджэнні 7 сакавіка 2016 г., якое праходзіла на тэму: “Правы чалавека і знешні доўг”. Ён адзначыў, што на праблему ўплываюць два фактары: безадказнае выдаткаванне сродкаў і безадказнае запазычанне. Ён нагадаў аб тым, што ў запазычаных краінах часта прысутнічаюць: карупцыя, дрэннае кіраванне дзяржаўнымі фондамі і няправільнае выкарыстанне ўзятых крэдытаў.

Папскі дыпламат працытаваў Святога Айца Францішка, які ў 2015 г. у штаб-кватэры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку заклікаў міжнародныя фінансавыя інстытуты забяспечыць устойлівае развіццё краін і пазбягаць далейшага падпарадкаванння гэтых краін крэдытным сістэмам, якія замест таго, каб спрыяць прагрэсу, распрацоўваюць механізмы яшчэ большага збяднення насельніцтва, яго сацыяльнай ізаляцыі і залежнасці.
 
Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы нагадаў таксама вучэнне Яна Паўла II з “Centesimus Annus”, у адпаведнасці з якім, хоць існуе прынцып, паводле якога даўгі павінны быць пагашаны, тым не менш, гэта павінна быць зроблена такім чынам, каб не падарваць “асноватворнага права народаў на існаванне і прагрэс”. Дыпламат таксама спаслаўся на заклік святога Пантыфіка, прымаць пад увагу ў вырашэнні праблем міжнароднай запазычанасці патрэбы развіцця бедных краін.








All the contents on this site are copyrighted ©.