2016-03-08 13:40:00

На рэкалецыях з Папам разважалі аб прапаведванні Касцёла


У прапаведванні Касцёла, у першую чаргу, павінна ззяць аблічча Бога, нагадаў 8 сакавіка 2016 г. айцец Эрмэс Марыя Ронкі, падчас велікапосных рэкалецый, якія італьянскі законнік праводзіць для Папы і супрацоўнікаў Рымскай курыі ў італьянскім Арыча. У сваёй канферэнцыі ён разважаў над евангельскім урыўкам, у якім св. Пётр вызнае сваю веру ў Хрыста. 

Езус пытаўся у вучняў, кажучы: “Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?” (Мц 16,13) і пачуўшы адказ, сказаў ім: “А вы кім лічыце Мяне?” (Мц 16,15). Такім чынам, Ён заклікаў не задавальняцца тым, што кажуць людзі, заўважыў айцец Ронкі. 

Адказам, якога чакаў Езус – былі не толькі словы. Ён шукаў асоб. Не акрэсленняў, а ўдзелу: “Што з табой здарылася, калі сустрэў Мяне?”. Езус не чытае лекцый, не прапануе адказаў, але з далікатнасцю падштурхоўвае нас пачаць пошук у сабе. Ён хоча пачуць у адказ: “Сустрэча з Табой – гэта лепшае, што адбылося ў маім жыцці! Ты – лепшае, што са мной здарылася!”, - сказаў прапаведнік.  

“Ты кім лічыш мяне?” – гэта пытанне “любячых”. Паводле айца Ронкі, Езуса цікавілі не дактрынальныя адказы, але адкрытыя сэрцы вучняў. Сцвярджэнне, што “Хрыстус – Сын Бога жывога”, мае сэнс, толькі калі Хрыстус “жывы ўнутры нас”. “Наша сэрца можа быць або калыскай, або магілай Бога”, - перакананы прапаведнік.

Езус указаў сваім вучням на месцы, дзе яны могуць пазнаць Яго і саміх сябе: укрыжаванне і абмыццё ног. “Зараз мы разумеем, хто такі Езус: гэта пацалунак таму, хто Яму здраджвае. Ён не пагарджае нікім, пагарджае сабой, не пралівае нічыёй крыві, пралівае сваю, не прыносіць у ахвяру нікога, ахвяруе самога сябе”, - сказаў айцец Ронкі.

Прапаведнік заклікаў удзельнікаў рэкалекцыі прапаведваць Хрыста, дзелячыся досведам асабістай сустрэчы з Ім. Мы, духавенства, “здаёмся ўсе аднолькавымі” – тыя ж жэсты, тыя ж словы, тая ж вопратка. Але людзі просяць нас: “Распавядзі аб тваім досведзе сустрэчы з Богам”.

Айцец Ронкі нагадаў, што не святары, а Езус – сапраўдны пасярэднік паміж чалавецтвам і Богам. Трэба, як Ян Хрысціцель, падрыхтаваць Яму дарогу і адыйсці ў бок. Касцёл павінен накіроўваць “пражэктары” не на сябе, але на Бога і для гэтага трэба яшчэ шмат зрабіць, перакананы айцец-рэкалекцыяніст.

Напрыканцы сваёй канферэнцыі ён сказаў, што мара Бога – гэта не бясконцая працэсія мужчын, жанчын і дзяцей з крыжамі на плячах, але людзі, якія крочаць да добрага, радаснага і плённага жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.