2016-03-06 14:03:00

Францішак салідарны з украінскімі грэка-католікамі


Святы Айцец накіраваў пасланне да архіепіскапа Святаслава Шаўчука з нагоды 70-й гадавіны львоўскага псеўдасабору. Па волі савецкага кіраўніцтва, на ім было абвешчана аб ліквідацыі Брэсцкай уніі 1596 года і ўключэнні украінскіх грэка-католікаў у Рускую Праваслаўную Царкву. 

Папа нагадаў, што гэтыя сумныя падзеі адбываліся пад уплывам ідэалагічнага і палітычнага кантэксту, а таксама ідэі знішчэння Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Для пастыраў і вернікаў гэта павярнулася дзесяцігоддзямі пакут. 

“Узгадваючы гэтыя падзеі, мы схіляем галаву перад тымі, хто коштам прыкрасцяў і нават мучаніцтва, увесь гэты час сведчыў аб веры, якую перажываў з прысвячэннем у сваім Касцёле і непахіснай еднасці з Наступнікам св. Пятра”, - напісаў Папа ў сваім звароце.

Ён запэўніў у сваёй удзячнасці за вернасць ўкраінскіх грэка-католікаў і выказаў “салідарнасць з пастырамі і вернікамі ў тым, што яны робяць у гэты цяжкі час, адзначаны болем вайны, для змякчэння пакут людзей і пошуку шляху спакою для дарагой украінскай зямлі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.