2016-03-05 13:40:00

У Ватыкане агучылі свежую статыстыку Касцёла


Цэнтральная статыстычная служба Святога Пасаду выдала штогоднікі “Annuario Pontificio” на 2016 г. і “Annuarium Statisticum Ecclesiae” за 2014 г. Як вынікае з першага, у мінулым годзе ў Касцёле з’явілася адна епархія і адна мітраполія, былі створаны тры новых бісупскіх кафедры, тры епархіі, два апостальскіх экзархаты, адзін экзархат быў узведзены ў епархію. У “Annuarium Statisticum” аналізуюцца асноўныя тэндэнцыі ў 2 998 касцёльных акругах планеты.

За апошнія дзевяць гадоў колькасць ахрышчаных католікаў у свеце расла больш хуткімі тэмпамі (14,1%), чым колькасці насельніцтва планеты (10,8%). Лічба католікаў у свеце павялічылася да 17,8% у 2014 г. ( у 2005 яна складала 17,3%). У 2014 г. у свеце жыло 1 272 мільёны вернікаў каталіцкай канфесіі. У Еўропе пражывала 23% сусветнай каталіцкай супольнасці (амаль на 3% менш, чым дзевяццю гадамі раней). Назіраўся рост вагі афрыканскага кантынента, тут у 2014 г. пражывала 17% католікаў свету, што на 3% больш, чым у 2005 г. Амерыка засталася кантынентам, дзе пражывае амаль палова ахрышчаных католікаў свету. На азіяцкім кантыненце, з 60% сусветнага насельніцтва, католікі складалі ў 2014 г. 11% ад яго. Стабільнай застаецца статыстыка ў Акіяніі, дзе католікі складалі 0,8% ад агульнай колькасці насельніцтва свету.

У перыяд з 2005 па 2014 гг. колькасць біскупаў ва ўсім свеце павялічылася на 8,2%, з 4 841 да 5 237. Самы вялікі рост адбыўся ў Азіі – на 14,3%. Два гады таму ў свеце на аднаго біскупа прыходзілася 242 900 вернікаў, гэта на амаль 8 тыс. менш, чым дзевяццю гадамі раней.

Агульная колькасць святароў павялічылася ў перыяд паміж 2005 і 2014 гг. на 9 381 – з 406 411 да 415 792. Прычым, на асобных кантынентах дынаміка вельмі розная. Лічбы значна ўзраслі ў Афрыцы (+ 32,6%) і Азіі (+ 27,1%), і знізіліся ў Еўропе, больш чым на 8%, і Акіяніі, на 1,7%. Статыстыка сведчыць аб тым, што пасля ўстойлівага росту святарскіх пасвячэнняў да 2011 г., у апошнія гады назіраецца іх павольнае зніжэнне.

У 2014 г. у свеце было 44 566 пастаянных дыяканаў, 54 559 законных братоў і амаль 683 000 законных сясцёр. Прычым, пастаянныя дыяканы – гэта група, якая найбольш развіваецца на працягу апошніх гадоў: у 2005 г. іх было ўсяго каля 33 000 – на 33,5% менш, чым у 2014 г. Еўропа стала кантынентам, дзе колькасць пастаянных дыяканаў узрасла найбольш значна, з 11 000 да амаль 15 000.

Назіраўся значны рост семінарыстаў – дыяцэзіяльных і законных – іх колькасць у 2014 г. склала 116 939, што на 2 000 больш у параўнанні з 2005 г. Пік прыйшоўся на 2011 г. – тады колькасць семінарыстаў у свеце складала 120 616. 

Дадзеныя Цэнтральнай статыстычная службы Святога Пасаду сведчаць аб некаторай “дыхатаміі” паміж кантынентамі. Еўропа паступова губляе цэнтральнае месца ў якасці эталоннай мадэлі; тут назіраюцца адносна вялікія тэмпы старэння насельніцтва і нізкі ўзровень нараджальнасці. Амерыка, Паўночная і Лацінская, прэтэндуе на тое, каб пераняць, па меншай меры, часткова першанства ў Еўропы, на “другім месцы” тут Афрыка і Азія.

У перыяд 2005-2014 гадоў колькасць святароў знаходзіцца на ўздыме, хоць трэба адзначыць значнае павелічэнне дыяцэзіяльных і прыкметнае зніжэнне колькасці законных святароў. Стагнацыя ў Еўропе тут кампенсуецца прагрэсам у Афрыцы і Азіі.

Так званая “сярэдняя душпастырская нагрузка” у свеце, якую характарызуе калькасць вернікаў на аднаго святара, значна вырасла, асабліва ў Афрыцы і Амерыцы. У Еўропе сітуацыя пакуль стабільная, хоць, улічваючы старэнне духавенства і невялікую колькасць пакліканняў, сітуацыя ў бліжэйшыя гады, відавочна, будзе мяняцца.

Большую ролю ў Касцёле будуць адыгрываць пастаянныя дыяканы, колькасць якіх расце значнымі тэмпамі, асабліва ў Еўропе і Амерыцы.

Назіраецца станоўчая глабальна тэндэнцыя з кандыдатамі да святарства, аднак, тут ёсць шэраг пытанняў, звязаных з Еўропай і Амерыкай, дзе ў апошнія гады зніжэнне іх колькасці было відавочным. Па-іншаму справы выглядаюць у Афрыцы і Азіі, тут колькасць семінарыстаў пастаянна павялічваецца.








All the contents on this site are copyrighted ©.