2016-03-04 14:59:00

Папскі прапаведнік: Евангелле любові абвяшчаць з любоўю


Абвяшчэнню Божага слова прысвяціў прапаведнік Папскага дома айцец Раньера Канталамеса трэцяе велікапоснае казанне для Пантыфіка і супрацоўнікаў Рымскай курыі. Словы Бога ёсць “Дух і жыццё”, нагадаў капуцын словы апостала Яна, і падкрэсліў, што ўспрымаць іх і евангелізаваць можна толькі праз Духа Святога.

Для лепшага разумення сэнсу прапаведвання айцец Канталамеса звярнуўся да тэкстаў Святога Пісання. Згодна з Евангеллем паводле святых Марка і Мацвея, апошнім словам Езуса перад Яго Унебаўшэсцем быў заклік: “ідзіце“ – “Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню”. Паводле ж апостала Лукі – “заставайцеся”: “Заставайцеся ў горадзе, пакуль не апранецеся ў моц з вышыні”. Папскі прапаведнік патлумачыў, што ў гэтых ўрыўках няма супярэчнасці. Ісці і прапаведваць трэба толькі пасля таго, як атрымаем Духа Святога – так трэба разумець сэнс узгаданых фрагментаў.

Евангелізацыя, паводле слоў айца Канталамесы, не абмяжоўваецца толькі словамі: абвяшчаць неабходна, перш за ўсё, учынкамі і жыццём. Сапраўднымі прапаведнікамі можна стаць цалкам прысвяціўшы сябе Хрысту і ажыцявіўшы ва ўласным жыцці слова св. Паўла: “І ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус”. Першай і галоўнай умовай для таго, каб стаць прапаведнікамі з’яўляецца неабходнасць пазбавіцца самога сябе, выйсці за рамкі ўласнага “я”. 

Айцец Канталамеса перасцярог перад дзвюма небяспекамі, што крыюцца ў місіянерскай дзейнасці. Першая – схільнасць да інерцыі, ляноты, празмернанага спадзявання на іншых. Другая – перабольшаная, ліхарадачная актыўнасць, якая з часам страчвае сувязь з крыніцай слоў і іх значэннем. З узрастаннем нашай місіянерскай актыўнасцю павінен павялічвацца і час на малітву. Бо чым менш молімся, тым больш кажам, але гэтыя будуць словы пустыя. Евангелле любові нельга абвяшчаць інакш, як з любоўю, дадаў капуцын. 








All the contents on this site are copyrighted ©.