2016-03-04 13:42:00

Папа да спаведнікоў: не перашкаджаць міласэрнасці Бога


4 сакавіка 2016 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў курсаў для спаведнікоў, арганізаваных Апостальскай Пенітэнцыярыяй, з мэтай дапамагчы новым святарам добра ўдзяляць сакрамэнт споведзі.

Паводле слоў Папы, міласэрнасць – гэта канчатковы выбар, які Бог зрабіў у адносінах да кожнага чалавека. “Магчымасць прабачэння па-сапраўднаму адкрыта для ўсіх”, таму што адпавядае жаданню самаго Бога, “які любіць і чакае ўсіх сваіх дзяцей, асабліва тых, якія найбольш памыліліся і аддаліліся ”, дадаў ён.

Міласэрнасць Айца можа дасягнуць чалавека рознымі шляхамі: праз адкрыццё шчырага сумлення, чытанне Слова Божага, сустрэчу з міласэрным братам або сястрой, у жыццёвых сітуацыях, якія кажуць пра раны, грэх, прабачэнне і міласэрнасць. Але “надзейным шляхам” міласэрнасці, “ідучы якім пераходзіш ад магчымасці да рэальнасці, ад надзеі да ўпэўненасці” з’яўляецца “Езус, якія “мае ўладу на зямлі адпускаць грахі” і перадаў гэту місію Касцёлу. Такім чынам сакрамэнт споведзі – гэта прывелеяванае месца для сустрэчы з міласэнасцю Бога і святкавання сустрэчы з Айцом, сказаў Папа.

Францішак заклікаў спаведнікоў заўсёды памятаць, што яны з’яўляюцца прыладамі Божай міласэрнасці для людзей. “Таму будзем пільнымі, каб не ставіць перашкодаў для гэтага дару збаўлення! Спаведнік сам з’яўляецца грэшнікам, чалавекам заўсёды патрабуючым прабачэння”, - нагадаў Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што слабасць Бога – гэта кепская памяць на грахі. Пасля іх адпушчэння, Бог пра іх забывае – грахоў больш не існуе. “Кожнае адпушчэнне грахоў, гэта, у пэўным сэнсе, Юбілей сэрца, якія напаўняе радасцю не толькі верніка і Касцёл, але перш за ўсё, самаго Бога”, - сказаў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў важнасць таго, “каб вернік, пасля атрымання прабачэння, больш не адчуваў сябе прыгнечаным правінамі, але мог адчуць смак дзейнасці Бога, якая яго вызваліла, жыць удзячнасцю, будучы гатовым выправіць учыненае зло і ісці насустрач братам з добрым і адкрытым сэрцам”.

Напрыканцы сваёй прамовы Францішак даў некаторыя парады, якія тычацца тых выпадкаў, калі святар не можа адпусціць грахоў асобе, якая аб гэтым просіць. Паводле Папы, у першую чаргу, трэба шукаць шляху, бо часта яго знайсці можна. Па-другое, не засяроджвацца толькі на словах, але карыстацца таксама мовай жэстаў. Па-трэццяе, калі не магчыма адпусціць грэх, трэба размаўляць з асобай па-бацькоўску, запэўніць яе ў тым, што Бог яе любіць і вельмі чакае, каб чалавек выйшаў з канфесіяналу і сказаў: “Я знайшоў айца, які мяне не бічаваў”.








All the contents on this site are copyrighted ©.