2016-03-03 14:58:00

У Рыме праходзіць Пастаянны Сінод УГКЦ


З 29 лютага па 6 сакавіка 2016 г. у Рыме адбываецца пасяджэнне Пастаяннага Сінода Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, якое ўзначальвае архіепіскап Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук. У ім прымае ўдзел пяць епіскапаў гэтай Царквы. 3 сакавіка 2016 г., у рамках святкавання Года Міласэрнасці, Прадстаяцель разам з іншымі іерархамі і святарамі служыў літургію за мір ва Украіне ў рымскай базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ.

У Рыме таксама прысутнічаюць пастыры Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы ў Італіі і Іспаніі, якія праводзяць свой агульны сход, што склiкаецца кожныя шэсць месяцаў, і духоўныя практыкаванні. Яны сустрэнуцца з епіскапамі, на чале з архіепіскапам Шаўчуком.

Пастаянны Сінод Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы з’яўляецца выканаўчым органам Сінода гэтай Царквы і грае ў асноўным кансультатыўную ролю пры кіраўніку Царквы ў перыяд паміж паседжаннямі Архірэйскага Сіноду. Царкоўнае заканадаўства ставіць перад ім і шэраг іншых функцый, для выканання якіх Прадстаяцель павінен атрымаць згоду або параду ад Пастаяннага Сінода. Кодэкс Канонаў Усходніх Цэркваў пералічвае 42 такіх выпадкі.

Каб лепш зразумець становішча Царквы ў розных частках і рэгіёнах свету, па меншай меры адно пасяджэнне Пастаяннага Сінода раз у год павінна адбывацца за межамі Украіны.








All the contents on this site are copyrighted ©.