2016-03-03 15:35:00

Пантыфік да медыкаў: спалучыць навуку і чалавечнасць


3 сакавіка 2016 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Папскай акадэміі абароны жыцця. У сваёй прамове ён нагадаў аб рызыцы рэлятывісцкага падыходу да разумення чалавечай прыроды, пагрозах з боку ідэалагічнай каланізацыі, эгаізму і падману, які выдае хібы за цноты, а прыватныя эканамічныя інтарэсы за супольнае дабро.

Заўсёды існуе рызыка называць дабро злом, а зло – дабром, сказаў Папа. Ён адзначыў, што сёння ёсць мноства структур, якія знаходзяцца на службе жыццю, але, у той жа час, мноства арганізацый, якія клапоцяцца ў першую чаргу пра ўласную эканамічную выгаду, а не пра супольнае дабро. У наш час, “некаторыя культурныя накірункі больш не прызнаюць следу Божай мудрасці ў створанай рэальнасці і нават у чалавеку”, дадаў ён.

Паводле Папы, чалавечая натура нярэдка прыніжаецца да ўзроўню матэрыі, якую можна змяняць згодна з любой задумай. “Наша чалавечнасць, аднак, унікальная і вельмі каштоўная ў вачах Бога!”, - сказаў Пантыфік і заклікаў у першую чаргу бараніць яе ад эгаізму і падману. 

Францішак заклікаў абараняць чалавечае жыццё адпаведна той годнасці, якая яму належыць у любых умовах. “Мы павінны быць уважлівымі перад новымі формамі ідэалагічнай каланізацыі, якія пранікаюць у чалавечае, а таксама ў хрысціянскае мысленне пад выглядам цнотаў, сучаснасці, новых поглядаў, але з’яўляюцца каланізацыяй, гэта значыць пазбаўляюць свабоды перад ідэалогіямі, якія баяцца такой рэальнасці, якой стварыў яе Бог”, - сказаў Папа.

Напрыканцы сваёй прамовы Пантыфік заўважыў, што сёння “хапае навуковых ведаў і тэхнічных прыладаў, здольных падтрымаць чалавечае жыццё ў сітуацыях, калі яно аказваецца слабым”, аднак для гэтага “часта не хапае чалавечнасці”. Добрыя спосабы дзеяння, паводле Папы, прадугледжваюць сапраўдную зацікаўленасць у карысці ўразлівых сем’яў. “Урачы і ўсе работнікі сферы аховы здароўя няхай ніколі не забываюцца спалучаць навуку, тэхніку і чалавечнасць”, - пажадаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.