2016-03-02 14:33:00

Камуністычныя ўлады Кітая хочуць паразумення з Касцёлам


“Падчас кіраўніцтва Францішка і Прэзідэнта Сі расце надзея на пацяпленне двухбаковых адносін”, - так гучыць назва артыкула, што з’явіўся ў “Global Times”, штодзённым кітайскім таблоідзе, які надае асаблівую ўвагу міжнародным праблемам з пункту гледжання камуністычных улад Кітая. Аўтары спасылаюцца на нядаўняе беспрэцэдэнтнае інтэрв’ю Папы, якое ён даў ганконгскаму часопісу “Asia Times”.

“Global Times” звяртае ўвагу на пашырэнне супрацоўніцтва Кітая і Апостальскай Сталіцы і на двухбаковае жаданне ўрэгулявання адносін. Падкрэсліваецца супадзенне поглядаў Францішка і кітайскіх лідэраў па такіх пытаннях, як экалогія, клопат пра бедных, дзяцей і пажылых людзей. Найбольш важнай праблемай для вырашэння лічыцца намінацыя біскупаў, каб яны былі зацверджаны як Папам, так і ўладамі.

Аўтар матэрыяла, Цзян Цзэ неаднаразова спасылаецца на амерыканскага кардынала Тэадора МакКарыка, які ў апошнія гады наведаў Кітай некалькі разоў. 29 лютага 2016 г. Святы Айцец прыняў яго на прыватнай аўдыенцыі.

Многія назіральнікі, у тым ліку былы прэм’ер-міністр Італіі і старшыня Еўрапейскай камісіі Рамана Продзі, лічаць артыкул у “Global Times” і аналагічную рэакцыю ў іншых кітайскіх СМІ вельмі важнай прыкметай таго, што кітайскія камуністы хочуць урэгуляваць сітуацыю Каталіцкага Касцёла ў сваёй краіне. Многія таксама звяртаюць увагу, што кітайскія лідэры ўсвядомілі важнасць Каталіцкага Касцёла ў свеце – калі ў той жа час у Злучаных Штатах з візітам знаходзіліся Папа і Прэзідэнт Сі Цзіньпін: Францішка віталі радасна мільёны амерыканцаў, а кітайскага лідэра тысячы пратэстуючых дэманстрантаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.