2016-02-28 12:44:00

Пантыфік звярнуў увагу на сітуацыю вакол бежанцаў


Пантыфік чарговы раз звярнуў увагу на складанае становішча ўцекачоў і сітуацыю з іх прыёмам у Еўропе. 28 лютага 2016 г. у Ватыкане, падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” ён запрасіў не забывацца пра трагедыю гэтых асоб. “Мая і ваша малітва заўсёды прысутнічае ў драме бежанцаў, якія ратуюцца ад войнаў і іншых бесчалавечных сітуацый”, - звярнуў увагу Францішак, звяртаючыся да прысутных на плошчы св. Пятра. 

Папа адзначыў, што “Грэцыя і іншыя краіны” знаходзяцца “на лініі фронту”, аказваючы “шчодрую дапамогу” ўцекачам. Але сітуацыя, якая склалася там, “патрабуе супрацоўніцтва ўсіх краін”. Пантыфік лічыць, што эфектыўным тут будзе менавіта “супольны адказ”, які дапаможа размеркаваць вагу праблемы раўнамерна. А для гэтага трэба “цвёрда і безумоўна” засяродзіцца на перамовах. 

Францішак павітаў “з надзеяй” навіну аб спыненні ваенных дзеянняў у Сірыі і запрасіў вернікаў да малітвы, каб гэта стала магчымасцю палёгкі для пакутуючых людзей і адкрыла “шлях да дыялогу і вельмі жаданага міру”.








All the contents on this site are copyrighted ©.