2016-02-27 11:55:00

Францішак абраў аўтара разважанняў Крыжовага шляху


Папа абраў аўтара сёлетніх разважанняў Крыжовага шляху ў рымскім Калізеі, які традыцыйна пройдзе ў Вялікую пятніцу, 25 сакавіка 2016 г. Іх падрыхтуе Мітрапаліт Перуджы, кардынал Гуалц’ера Басэці.

Галоўнай тэмай стануць пакуты сучаснага чалавека і сям’і, а таксама пераслед хрысціян. Лейтматывам будуць любоў і прабачэнне. Звычайна ў 14-ці традыцыйных станцыях Крыжовага шляху адбываецца роздум над Божым словам, але ў кантэксце і са спасылкай на тое, што адбываецца ў свеце, асабліва ў тых месцах, дзе людзі пакутуюць з-за вайны, галечы і дзе кожны дзень зневажаецца чалавечая годнасць. Езус перажываў свае пакуты асабіста, але робіць гэта пастаянна ў чалавецтве, растлумачыў кардынал. Улічваючы тое, што нашы дні, на жаль, не пазбаўлены крыжоў, арцыбіскуп Перуджы хоча іх “прачытаць у святле вялікай любові Бога да чалавека, без якой пакуты не маюць сэнсу”.

Традыцыя Крыжовага шляху ў Калізеі была закладзена ў 1750 г. св. Леанардам Маўрыцыем. Яна захоўвалася да 1870 г., калі на цэлыя дзесяцігоддзі былі адменены ўсе публічныя мерапрыемствы з удзелам Папы ў Рыме, паколькі ён абвясціў сябе вязнем Ватыкану. Традыцыю аднавіў толькі Павел VI у 1964 г. Разважанні базаваліся выключна на Святым Пісанні, Айцах і Доктарах Касцёла і іншых святых. У 1984 г. свае ўласныя разважанні да Крыжовага шляху на заканчэнне Года Святога Адкуплення напісаў Ян Павел ІІ, а ў наступныя гады ён стаў прасіць аб гэтым розных асоб: свецкіх і духоўных, а часам і не-католікаў. У 1993 г. упершыню тэкст разважанняў напісала жанчына – сястра Анна Марыя Канопі, настаяцельніца бэнэдыктынскага абацтва. Наступным стаў не-каталіцкі аўтар, праваслаўны Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І. Пасля яго сярод аўтараў былі: пратэстанцкая манахіня Мінкэ дэ-Фрыс са Швейцарыі (1995 г.) і Каталікос усіх армян Гарэгін І (1997 г.). У 2002 г. разважанні напісалі 14 журналістаў, акрэдытаваных пры Святым Пасадзе.








All the contents on this site are copyrighted ©.