2016-02-27 12:42:00

Пацыенты з рэдкімі хваробамі ў цэнтры ўвагі Святога Пасаду


Разарваць заслону маўчання і адчужэння ў адносінах да людзей, якія пакутуюць ад рэдкіх захворванняў, а таксама больш інтэграваць іх у грамадства заклікаў арцыбіскуп Зыгмунт Зімоўскі, старшыня Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя. 29 лютага ў Касцёле адзначаецца Сусветны дзень рэдкіх хвароб. З гэтай нагоды ватыканскі іерарх скіраваў сваё адмысловае пасланне.

Ён нагадаў, што Сусветны дзень накіраваны на інфармаванне аб рэдкіх хваробах і іх наступствах для саміх хворых, іх семяў і грамадства. Гэтыя асобы не могуць ігнаравацца толькі таму, што іх хвароба выступае ў свеце вельмі рэдка. Тут патрэбны адпаведныя меры ў галіне даследаванняў і лячэння.

Гаворка ідзе, з аднаго боку, пра большую грамадскую і прафесійную актыўнасць такіх асоб, а з другога, пра павышэнне ўвагі кампетэнтных органаў, спецыялістаў у галіне аховы здароўя, даследчыкаў, прадстаўнікоў фармацэўтычнай прамысловасці да людзей з рэдкімі захворваннямі.

Старшыня Папскай рады спаслаўся на пазіцыю папы Францішка адносна хворых. Пантыфік пастаянна заклікае да салідарнасці з пакутамі гэтых людзей і да эфектыўных мер іх падтрымкі. Прычым, этыка салідарнасці не можа быць зведзена толькі да неабходных функцый сацыяльных інстытутаў. Любоў, якая зыходзіць ад унутранага стаўлення спагады, што перакладаецца на канкрэтныя жэсты і выразы блізкасці і клопату, можа даць паўнату жыцця ў адносінах з іншымі людзьмі, напісаў іерарх. 

Арцыбіскуп Зімоўскі падкрэсліў, што, калі гаворка ідзе пра рэдкія хваробы, тут чалавецтва мае справу са складанымі пытаннямі, якія павінны разглядацца ў больш шырокім кантэксце з удзелам асобных устаноў і спецыялістаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.