2016-02-27 14:03:00

Папа сустрэўся з італьянскімі прадпрымальнікамі


Пантыфік сустрэўся 27 лютага 2016 г. у Ватыкане з прадстаўнікамі Усеагульнай канфедэрацыі італьянскай прамысловасці, скарочана “Канфіндустрыі”. Гэта асноўная ў Італіі арганізацыя, якая абараняе інтарэсы прадпрымальнікаў у сферах прамысловасці і паслуг і аб’ядноўвае на добраахвотнай аснове каля 150 тыс. кампаній.

Францішак нагадаў дэвіз сустрэчы – “Працаваць разам” – і адзначыў, што такі падыход – гэта магчымасць для “новых стратэгій, новага стылю, новых адносін”. Сёння “працаваць разам”, азначае інвеставаць ў праекты, якія ўключаюць тое, пра што часта забываюцца або чым грэбуюць. Гаворка ідзе, у першую чаргу, пра сем’і, пажылых людзей, моладзь. Без увагі да гэтых груп не можна пабудаваць справядлівага свету, перакананы Папа. “Працаваць разам”, азначае акцэнтаванне не “адзіночнага генія чалавека”, а супрацоўніцтва многіх.

Святы Айцец нагадаў прадпрымальнікам, што кіраваць сёння, гэта ўмець слухаць і дзяліцца; працуючы, даваць працу іншым, асабліва маладому пакаленню. Ён заклікаў клапаціцца пра прафесіяналізм, і ў той жа час звяртаць увагу на ўмовы працы, аддаваць перавагу справядлівасці, а не рэкамендацыям, фаварытызму і лёгкаму кампрамісу.

Папа нагадаў, што компасам кожнага прадпрымальніка павінна быць агульнае дабро, бо эканамічная свабода ніколі не можа ісці ўразрэз са свабодай чалавека і яго правамі. 

Францішак падзякаваў некалькім тысячам членаў “Канфіндустрыі”, сабраным у Ватыкане, за ўсё добрае, што яны робяць, і папрасіў маліцца за яго.








All the contents on this site are copyrighted ©.