2016-02-26 14:27:00

Папскі прапаведнік заклікаў вучыцца слухаць Божае слова


У сваім другім велікапосным казанні для Папы і супрацоўнікаў Рымскай курыі прапаведнік Папскага Дома айцец Раньера Канталамеса распавёў пра тое, наколькі важна быць здольным слухаць і разумець Божае слова, засяроджвацца над ім і дзейнічаць паводле яго. 

“У слове Божым утоена такая сіла і моц, што яно з’яўляецца для Касцёла падтрымкай і энергіяй, спажыткам для душы, чыстай і невычэрпнай крыніцай духоўнага жыцця”, - нагадаў ён 26 лютага 2016 г. словы Другога Ватыканскага Сабора.

Вусны Бога – гэта прарокі, а дыханне – Святы Дух, сказаў айцец Канталамеса. Напачатку Бог прамаўляў да сэрца людзей. Аднак ўсё радыкальна змянілася ў той момант, калі “Слова сталася целам”. Праз Езуса Хрыста Бог пачаў прамаўляць голасам чалавека. “Слова стала чутным і бачным!” - падкрэсліў Папскі прапаведнік.

Па словах айца Канталамесы, працэс пазнання Божага Слова мае тры стадыі: яго ўспрыняцце, разважанне і рэалізацыю ў жыцці. 

Пазнаваць Божае Слова можна падчас літургіі, на занятках катэхізацыі, праз самастойнае чытання Бібліі. Аднак айцец Канталамеса перасцерагае перад дзвюма небяспекамі: занадта крытычным падыходам да тэкстаў Святога Пісання ці, наадварот, фундаменталізмам. У першым выпадку чалавек замест самастойнага чытання і разважання над Евангеллем пачынае вывучаць супярэчлівыя погляды навукоўцаў адносна сэнсу кніг Бібліі, так і не знаходзячы яснасці. У другім жа выпадку ўспрымае ўсё прачытанае буквальна і павярхоўна, пазбягаючы глыбокай рэфлексіі.

Разважанне над Божым Слова неабходна, каб зразумець, як Бог любіць чалавека, і каб у чалавечым сэрцы запалілася такая ж любоў да Бога.

Нарэшце, словы Езуса “Маці Мая і браты Мае – гэта тыя, хто слухае слова Божае і выконвае яго” нагадваюць аб важнасці жыцця згодна з Божым словам, слухання Яго наказаў. Менавіта Бог натхняе нас на шчырую споведзь і паяднанне з Ім у Эўхарыстыі, на ўчынкі міласэрнасці, сказаў італьянскі капуцын.








All the contents on this site are copyrighted ©.