2016-02-26 13:37:00

Пантыфік: любоў і міласэрнасць – імёны Бога


26 лютага 2016 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі прысвечанай дзесяцігоддзю энцыклікі Бэнэдыкта XVI “Deus caritas est” (Бог ёсць любоў), якая па ініцыятыве Папскай рады “Cor Unum” праходзіць у Ватыкане.

Гісторыя Касцёла – гэта гісторыя любові, якая была атрымана ад Бога і якая павінны быць прынесена ў свет, сказаў Святы Айцец. Юбілейны Год Божай Міласэрнасці, паводле яго слоў, з’яўляецца нагодай для таго, каб вярнуцца да гэтага “пульсуючага сэрца ў нашым жыцці і нашым сведчанні”, да цэнтра прапаведвання веры: таго, што “Бог – гэта любоў”. 

“Бог не проста мае жаданне і здольнасць любіць; Бог – гэта любоў: любоў – Яго сутнасць, прырода. Ён – адзіны, але не адасоблены; Ён не можа знаходзіцца ў адзіноце, не можа закрывацца ў самім сабе, таму што з’яўляецца еднасцю, любоўю, а любоў, па сваёй прыродзе, перадаецца, распаўсюджваецца”, - сказаў Святы Айцец.

Паводле слоў Папы, кульмінацыяй выйсця Бога да людзей, стала ўцелаўленне Яго Сына, што з’яўляецца праявай сапраўднай міласэрнасці. “Любоў і міласэрнасць вельмі злучаны, бо з’яўляюцца спосабам быцця і дзейнасці Бога: Яго ідэнтычнасцю і Яго іменем”, - падкрэсліў Францішак.

Таксама і кожны ўчынак любові, салідарнасці і дзялення, які здзейсняецца ў Касцёле, з’яўляецца адлюстраваннем любові Бога. “Ён, ніколі не стамляючыся, вылівае сваю любоў на нас і мы пакліканы станавіцца сведкамі гэтай любові ў свеце”, - перакананы Святы Айцец. Папа заклікаў углядацца ў Божую любоў, як у компас, які дае напрамак жыццю, дзейнасці, адносінам да братоў і свету. 

Любоў, паводле слоў Францішка, павінна ўсё больш адлюстроўвацца ў жыцці Касцёла. “Як бы я хацеў, каб кожны ў Касцёле, каб кожная структура, кожная ініцыятыва паказвала, што Бог любіць чалавека! Місія, якую нашы дабрачынныя структуры выконваюць – важная, бо набліжаюць мноства бедных людзей да больш годнага і чалавечага жыцця, што як ніколі неабходна; але гэта місія яшчэ важнейшая таму што, не на словах, але з канкрэтнай любоўю дазваляе адчуць кожнаму чалавеку, што ён любімы Айцом, што з’яўляецца Яго дзіцём, якому вызначана вечнае жыццё з Богам”, - сказаў Папа. 








All the contents on this site are copyrighted ©.