2016-02-25 14:51:00

Кардынал да палітыкаў: не навязваць фальшывых ідэалогій


Сужэнства паміж двума асобамі аднаго полу – немагчыма, нагадаў пазіцыю Каталіцкага Касцёла кардынал Герхард Людвіг Мюлер, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, падчас канфэрэнцыі, прысвечанай дзвесяцігоддзю энцыклікі Бэнэдыкта XVI “Deus caritas est”, якая 25 лютага 2016 г. пачалася ў Ватыкане. 

Паводле нямецкага кардынала, сцвярджэнні аб немагчымасці сужэнства паміж асобамі аднаго полу, не азначаюць умяшання ў палітыку. Гэта заклік да палітыкаў “паважаць чалавечую прыроду, над якой яны не з’яўляюцца настаўнікамі ці валадарамі”. “Палітыкі павінны служыць супольнасці, а не навязваць фальшывую ідэалогію”, - сцвердзіў пурпурат. Гаворка на гэту тэму была ўзнята ў сувязі з абмеркаваннем у італьянскім парламенце закону, які можа прыраўняць гомасексуальныя саюзы да сужэнстваў.

Гаворачы аб адносінах паміж міласэрнасцю і верай – тэме якой прысвечаны ватыканскі форум – кардынал Мюлер заклікаў не інструменталізаваць дабрачыннасць, ператвараючы яе ў прыладу празелітызму.

Ён звярнуў увагу на сітуацыю з мігрантамі ў Германіі. Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння падкрэсліў, што дапамагчы мігрантам матэрыяльна – мала. Неабходна таксама духоўная дапамога. Ён заклікаў прадстаўнікоў дабрачынных струтур не баяцца даваць мігрантам адказы натхнёныя верай, напрыклад калі мусульмане кажуць, што хрысціяне ім дапамагаюць, а браты-мусульмане – не.








All the contents on this site are copyrighted ©.