2016-02-24 12:33:00

Пантыфік: міласэрнасць Бога мацней за чалавечы грэх


Міласэрнасць Бога мацней за чалавечы грэх, нагадаў папа Францішак 24 лютага 2016 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Пантыфік узняў праблему грахоў, звязаных за злоўжываннямі ўладай, працягваючы цыкл катэхез аб міласэрнасці ў Святым Пісанні.

“У розных частках гаворыцца пра магутных, каралёў, людзей, якія стаяць “высока”, а таксама пра іх пыхлівасць і злоўжыванні ўладай. Багацце і ўлада – гэта рэчы, якія могуць быць добрымі і карыснымі для супольнага дабра, пры ўмове, што служаць бедным і ўсім, са справядлівасцю і міласэрнасцю. Але калі, як вельмі часта адбываецца, імі карыстаюцца ў якасці прывелеяў, з эгаізмам і высакамернасцю, яны перамяняюцца ў інструменты карупцыі і смерці”, - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў біблійную гісторыю Набота – чалавека, які валодаў вінаграднікам, каля палацу караля Ахаба. Манарх хацеў набыць гэты кавалак зямлі, каб зрабіць з яго сад з агароднінай. “Прапанова здаецца законнай, і нават шчодрай, але ў Ізраэлі зямельныя ўладанні лічыліся неад’емнымі”, - заўважыў Папа.

На адмову, кароль Ахаб адрэагаваў з горычу і абурэннем. Ён адчуў сябе пакрыўджаным, прыніжаным ў сваёй ўладзе і пазбаўленым магчымасці задаволіць сваё жаданне валодання. Тады ўмяшалася яго жонка, Езабэль, якая была ідалапаклонніцай і мела дачыненне да смерці многіх прарокаў Пана. 

“Словы, з якімі яна звярнулася да караля вельмі важныя. Пачуйце ўсё зло, што было ўнутры гэтай жанчыны. “Ты цяпер валадарыш над Ізраэлем. Устань, еш хлеб і будзь спакойны: я здабуду табе вінаграднік Набота ізраэляніна”. Яна зрабіла акцэнт на прэстыжы і ўладзе караля, якія згодна з яе манерай разумення рэчаіснасці, былі пастаўлены пад пытанне адмовай Набота, як і ўлада, якую яна лічыла абсалютнай і для якой кожнае жаданне магутнага караля станавілася загадам. Вялікі св. Амброзій напісаў маленькую кнігу аб гэтым здарэнні. Яна называецца “Набот”. Было б карысна прачытаць яе ў гэты час Вялікага посту. Яна вельмі цудоўнай, вельмі канкрэтная”, - сказаў Святы Айцец. 

Паводле Папы, калі ўлада перастае быць служэннем, яна становіцца панаваннем і прыгнётам. Менавіта гэта адбылося ў сітуацыі Набота, які пасля фальшывых абвінавачванняў, распаспаўсюджаных каралевай, быў укаменаваны.

“Гэта гісторыя не з іншых часоў. Гэта таксама сённяшняя гісторыя, гісторыя магутных, якія для таго, каб мець больш грошай эксплуатуюць бедных, эксплуатуюць людзей. Гэта гісторыя гандлю людзьмі, рабскай працы, бедных людзей, якія працуюць “па-чорнаму” за мінімальную плату, каб абагаціць магутных. Гэта гісторыя карумпаваных палітыкаў, якія пастаянна хочуць больш”, - сказаў Пантыфік.

Паводле Папы, усё гэта наступствы ажыцяўлення ўлады без павагі да жыцця, без справядлівасці і міласэрнасці. Пастаяннае прагненне ўлады ператвараецца ў няўрымслівае жаданне валодаць усім. Святы Айцец нагадаў пра словы прарока Ісаі: “Гора тым, што далучаюць дом да дома, а поле яднаюць з полем аж да канца зямельных надзелаў! Ці ж вы адны толькі жывяце на сярэдзіне зямлі?”. “Прарок Ісая не быў камуністам!”, - дадаў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што Бог, аднак, большы за зло і брудныя гульні людзей. У сваёй міласэрнасці ён паслаў прарока Іллю, каб дапамог Ахабу навярнуцца. 

“Бог бачыць гэта злачынства і стучыць таксама ў сэрца Ахаба і кароль, пастаўлены перад абліччам свайго граху, разумее, становіцца пакорным і просіць прабачэння. Як цудоўна было б, калі б сучасныя магутныя эксплуататары зрабілі тое самае. Пан прымае яго пакаянне; аднак, нявінны быў забіты і ўчыненая правіна будзе мець непазбежныя наступствы. Здзейсненае зло, на самой справе, пакідае балючыя сляды, а гісторыя людзей нясе на сабе яго раны”, - падкрэсліў Папа.

Напрыканцы катэхезы Францішак заклікаў вернікаў адкрыць сэрцы на міласэрнасць Бога, здольную загойваць раны і змяняць гісторыю, на міласэрнасць, большую нават за чалавечы грэх. Яна праявіла сваю моц ў Сыне Божым, які стаў чалавекам, каб знічшыць зло сваім прабачэннем. 

“Езус Хрыстус – сапраўдны кароль, але Яго ўлада абсалютна іншая. Яго трон – гэта крыж. Ён кароль, не які забівае, але наадварот, які дае жыццё. Яго выйсце да ўсіх, асабліва да самых слабых, перамагае адзіноту і лёс смерці, да якіх вядзе грэх. Езус Хрыстус праз сваю блізкасць і пяшчоту, вядзе грэшнікаў у прастору ласкі і прабачэння. Такая яна, міласэрнасць Божая”, - сказаў Пантыфік.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі папа Францішак прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы пілігрымаў і ўдзяліў сабраным сваё благаслаўленне. 








All the contents on this site are copyrighted ©.