2016-02-23 16:11:00

Кардынал Равазі пра каталіцкія карані Умберта Эка


Старшыня Папскай рады па культуры кардынал Джанфранка Равазі падзяліўся сваімі думкамі аб італьянскім пісьменіку Умберта Эка, пахаванне якога адбыло 23 лютага 2016 г. у Мілане. Яны былі знаёмы з таго часу, калі будучы ватыканскі іерарх працаваў у якасці прэфекта Амбразіянскай бібліятэкі ў Мілане. 

Паводле кардынала Равазі, “ніколі нельга забываць, што Умберта Эка меў глыбока каталіцкія карані, будучы нават кіраўніком моладзі руху “Каталіцкая акцыя” у Алесандрыі, калі жыў там”. Затым ён аддаліўся ад Касцёла, але працягваў захоўваць цікавасць да асяроддзя, “якое крыху пакінуў за плячыма”.

Пурпурат падкрэсліў любоў пісьменніка да Бібліі і нагадаў, што Эка падтрымліваў вяртанне вывучэння Святога Пісання ў сістэму школьнай адукацыі. Паводле кардынала Равазі, ён казаў: “Чаму нашы дзеці павінны ведаць усё пра герояў Гамера і нічога не павінны ведаць пра Майсея? Чаму “Боская камедыя”, а не Песня песняў або Біблія, уключаны ў школьную праграму?”

Старшыня Папскай рады па культуры адзначыў таксама, што дыпломная работа Умберта Эка была прысвечана эстэтыцы св. Тамаша з Аквіну; што ён захапляўся творамі Раймунда Лулія, аднаго з пачынальнікаў еўрапейскай арабістыкі і дыялогу з ісламам.

Кардынал Равазі прызнаўся, што часта выкарыстоўвае словы англійскага філосафа Дэвіда Юма, якія пачуў менавіта ад Умберта Эка: “Памылкі філасофіі заўсёды смешныя, а памылкі рэлігіі – небяспечныя”.

Умберта Эка памёр 19 лютага 2016 г. у Мілане ва ўзросце 84 гадоў. 








All the contents on this site are copyrighted ©.