2016-02-20 09:29:00

Францішак: важна інтэграцыя параненых сем'яў у Касцёл


Падчас пералёту з Мексікі ў Італію 19 лютага 2016 г. папа Францішак адзначыў важнасць інтэграцыі “параненых” сем’яў у Касцёл. Ён распавёў, што ў паслясінадальным дакуменце, які павінен з'явіцца перад Вялікаднем, будзе адлюстравана ўсё, што казалася падчас Сінода. У ім будзе падкрэслена важнасць перадсужэнскай падрыхтоўкі і выхавання дзяцей, асабліва тых, якія з'яўляюцца “ахвярамі сямейных праблем”, нават калі гэтыя праблемы ўзнікаюць па знешніх прычынах, напрыклад беспрацоўя. 

Папа ўзгадаў пра сустрэчу з сем'ямі, у якой прыняў удзел у мексіканскім Тустла Гут'ерес, каб падкрэсліць важнасць “інтэграцыі ў жыццё Касцёла параненых сем'яў”, якія ўтвараюцца на падставе несакрамэнтальнай сувязі. Гэта інтэграцыя, аднак, не азначае дазволу на “прыняцце св. Камуніі”, яна з’яўляецца цяжкім шляхам, якімі трэба прайсці, сказаў Папа. Ён нагадаў пра сведчанне сужонкаў, якія жывуць у падобнай сітуацыі: “Мы не прыступаем да эўхарыстычнай Камуніі, але прыступаем да Камуніі праз наведванне шпіталёў і іншае”, казалі яны. Прыняцце св. Камуніі, паводле Папы, у такой сітуацыі было б шкодна для сужэнства, для пары, паколькі не дазваляла б ёй “прайсці шлях інтэграцыі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.